Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПАЛІТЫЧНЫЯ ПЫТАНЬНІ - ЗАТРЫМАНЬНІ


Любоў Лунёва, Менск

На плошчы Перамогі затрымалі 5 чалавек, у тым ліку Аляксея Рудакоўскага і Паўла Кісьлякова, на чыгуначным вакзале – 3 чалавекі, сярод іх – Зьміцер Драпачка, і ў мікрараёне “Ўсход” быў затрыманы Аляксандр Атрошчанкаў. У міліцэйскіх пастарунках газэты сканфіскавалі, а сябраў “Зубру” пасьля складаньня адпаведных пратаколаў адпусьцілі на волю.

Каля кансэрваторыі былі затрыманыя 2 ўдзельнікі несанкцыянаванага пікету, якія прыехалі з Барысава з нагоды ўгодкаў зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

Міліцыянты Цэнтральнага раённага ўпраўленьня міліцыі затрымалі Алега Волчака разам з двума іншымі ўдзельнікамі пікету ля будынку Пракуратуры Беларусі. Пікетоўшчыкі трымалі плякат: “Чаму ў Беларусі зьнікаюць палітыкі? Хто вінаваты ў гэтым? Хто будзе адказваць?”. Гаворыць старшыня грамадзкай камісіі ў справе пошуку Юр’я Захаранкі Алег Волчак:

(Волчак: ) “Мы абралі мейсцам пікету пракуратуру з той нагоды, што менавіта тут расьсьледуюцца крымінальныя справы пра зьніклых палітыкаў. Сам генэральны пракурор у нас выклікае шмат пытаньняў. Мэта нашага пікету – прыцягнуць увагу грамадзкасьці да таго, што за два гады нічога не зроблена, каб знайсьці чалавека. Нічога ня ведаюць ні родныя, ні грамадзкасьць. Толькі ў справе Зьмітра Завадзкага стала вядома, што да выкраданьня журналіста мелі дачыненьне спэцслужбы. Таму мы не выключаем, што яны выкралі й астатніх палітыкаў”.

Празь некалькі хвілінаў за пікетоўшчыкамі прыехалі два міліцэйскія “варанкі”, на якіх затрыманых і павезьлі ва ўпраўленьне міліцыі Цэнтральнага раёну сталіцы.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец за акцыю “Марш шпіёнаў” дагэтуль утрымліваецца ў Першамайскім раённым упраўленьні міліцыі.

Хутчэй за ўсё заўтра яго будуць судзіць за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця.
XS
SM
MD
LG