Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ ПАМЯЦІ ЗЬНІКЛЫХ ЛЮДЗЕЙ


Алег Жукоўскі, Віцебск

Арганізатары не абмежаваліся замоўленым у скверы ля пляцу Леніна пікетам і прайшлі па галоўнай магістралі гораду праз усю яго цэнтральную частку зь вялікімі партрэтамі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зьміцера Завадзкага і Анатоля Красоўскага, з плякатамі “Яны маглі быць кандыдатамі ў прэзідэнты”, “Зьніклыя бязь вестак на неаб’яўленай вайне” і іншымі. Ва ўсіх на галовах былі белыя стужкі з чорным надпісам “Дзе?”. На месцы пікет аздобіўся сьцягамі і новымі плякатамі. Мінакі падыходзілі да двухмэтровага сухога дрэва і чыталі на стужках сярод галінаў імёны зьніклых. У часе акцыі віцебскія сябры АГП распаўсюдзілі шэсцьсот улётак па тэме пікету, на апошняй старонцы якіх, пасьля фотаздымкаў зьніклых, была чорная рамка з надпісам: “Тут можа быць і твая выява”.

Найбольшую цікавасьць віцяблянаў, безумоўна, выклікаў пэрфоманс “Зуброў”, рэжысэрам якога выступіла старшыня віцебскай суполкі АГП Алена Залеская. Раз-пораз двое ў чорных масках хапалі хлопца з партрэтам ці то Ганчара, ці то Завадзкага, ці то Захаранкі на сьпіне і цягнулі праз увесь прыпынак углыб сквэру. Дзяўчыны, якія выконвалі ролю спадарожніцаў зьніклых, віскаталі і лямантавалі – прычым з кожным разам усё больш натуральна. Нават ветэран, які праходзіў міма, не вытрымаў і абурана закрычаў: “Вось гады, апранулі чорнае на морду і цягнуць людзей! Я стары, нічога не магу зрабіць, а што вы ўсе глядзіце?”

А жанчынаў на прыпынку ўзрушыла сцэна, калі маленькі сын адной з актывістак мясцовага АГП Ірыны Байдак пачаў чапляцца за схопленага “злодзеямі” “Завадзкага”. І калі мажная кабета, шукаючы падтрымкі, зьвярнулася да натоўпу са словамі “Шарлатаны сабраліся”, яе не падтрымалі, а некаторыя пэнсіянэркі – нават асеклі”.
XS
SM
MD
LG