Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ВІК СУСТРЭЎСЯ ЗЬ МІНІСТРАМ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ХВАСТОВЫМ.


Валер Каліноўскі, Менск

На думку кіраўніка Каардынацыйнай рады па назіраньні за выбарамі Мечыслава Грыба, усе абвінавачаньні КНГ АБСЭ з боку ўладаў зьвязаныя з яе арганізацыяй незалежнага назіраньня на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Улады вельмі ня хочуць, каб было такое назіраньне, і Мечыслаў Грыб мяркуе, што яны ўвогуле хацелі б выслаць групу АБСЭ зь Беларусі, але баяцца.

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка на пытаньне пра магчымасьць спыненьня дзейнасьці КНГ АБСЭ патлумачыў, што так пытаньне ставіць нельга. Беларускія ўлады спрабуюць пераканаць АБСЭ адмовіцца да падтрымкі праекту арганізацыі незалежнага назіраньня за выбарамі.

Сёньня міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў сустракаўся з кіраўніком КНГ АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Гаворыць амбасадар Вік:

(Вік: ) "Так, мы абмяркоўвалі супрацоўніцтва Кансультацыйна-назіральнай групы і АБСЭ зь Беларусьсю… Мы не абмяркоўвалі публічных выказваньняў, мы абмяркоўвалі супрацоўніцтва й дачыненьні, якія цяпер існуюць і якія будуць працягвацца".

Ганс-Геог Вік сказаў, што беларускія праблемы абмяркоўвалі на паседжаньні Сталай рады АБСЭ мінулай пятніцай. 4 траўня гэтая Рада, паводле словаў амбасадара Віка, абмеркавала і адказ міністра Хвастова на ліст дзейнага старшыні АБСЭ румынскага міністра замежных справаў Румыніі Мірчы Джэаны да Аляксандра Лукашэнкі. У гэным лісьце спадар Джэана заклікаў беларускія ўлады перагледзець дэкрэт №8 ды паведамляў пра даручэньне КНГ АБСЭ ў Менску падтрымліваць падрыхтоўку незалежных назіральнікаў. Сталая Рада АБСЭ ўхваліла дзейнасьць КНГ у Беларусі.

На пытаньне, ці будзе КНГ АБСЭ надалей падтрымліваць праект арганізацыі незалежнага назіраньня на прэзыдэнцкіх выбарах спадар Вік адказаў наступнае:

(Вік: ) "Мы не пачулі нічога адрознага ад таго, што мы чулі раней. Гэта канфлікт меркаваньняў наконт некаторых дзеяньняў КНГ, і мы гатовыя абмяркоўваць іх і абмяркоўваем… Такім чынам, мы будзем працягваць".

На пытаньне: "Ці сапраўды вы зьяўляецеся цэнтрам беларускай апазыцыі, як вас абвінаваціў міністар Хвастоў?" амбасадар Вік адказаў:

(Вік: ) "Нам ня трэба вэрбаваць ані шпіёнаў, ані ўзброеных назіральнікаў, мы таксама не зьяўляемся цэнтрам апазыцыі. Мы зьяўляемся групай, якая дае парады ўраду і грамадзянскай супольнасці, палітычным партыям у адпаведнасьці з Дэклярацыяй саміту АБСЭ, які прайшоў у лістападзе 1999 году. Зьмест гэтай Дэклярацыі зьяўляецца ўнёскам АБСЭ у працэс дэмакратызацыі. Мы падтрымліваем кантакты з усімі, хто зацікаўлены ў дэмакратызацыі гэтай краіны".

Спадар Вік сказаў, што ён патлумачыў гэта сёньня і спадару Хвастову. Ён зазначыў, што КНГ АБСЭ і далей будзе напружана працаваць у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG