Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКА ЮРЫЯ ЗАХАРАНКІ ВЕРЫЦЬ, ШТО ЯЕ МУЖ ЖЫВЫ.


Ганна Соусь, Менск

Вольга Захаранка гаворыць пра мужа толькі ў цяперашнім часе:

(Захаранка: ) "Гэты дзень я не хачу лічыць днём памяці. Мне многія тэлефануюць, запытваюцца: "Як Вы будзеце ў гэты дзень?" Ніяк. Так, калі б ведалі, што Юры няма жывога, была б іншая справа. Але ў нас нават і ў думках такога ня можа быць, бо мы толькі й жывем надзеяй на тое, што Юра — жывы".

А яшчэ Вольга Захаранка ды ейныя дачкі Юля ды Алена спадзяюцца на тое, што ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў зьменіцца ўлада і яны вернуцца дадому. Магчыма, тады й будзе вядомы лёс Юр'я Захаранкі.

Вольга Захаранка ведае пра тыя акцыі, што адбываюцца сёньня ў Менску з нагоды другой гадавіны зьнікненьня ейнага мужа:

(Захаранка: ) "Мы вельмі шкадуем, што цяпер не знаходзімся ў Менску. Мы б таксама ўзялі актыўны ўдзел".

Вольга Захаранка дагэтуль у падрабязнасьцях памятае той дзень, калі зьнік Юры Захаранка.

(Захаранка: ) "9 траўня — гэта самае сьвятое для Юры сьвята. Чамусьці ён так яго ўсьведамляў… усьведамляе. Вось і мы 7 траўня пайшлі зь ім на рынак, набылі нешта, каб добры стол наладзіць. Паўдня разам зь ім хадзілі… Але потым ён паехаў глядзець гэтую відэастужку пра Карпенку. А пасьля гэтага — самі ведаеце".

Хутка будзе год, як сям’я Захаранкі зьехала ў Нямеччыну. Паводле Вольгі Захаранкі, немцы ставяцца да іх вельмі паважліва, але ўсё роўна яны адчуваюць сябе ў адзіноце. Алена Захаранка ўжо чацьверты месяц ходзіць на курсы нямецкай мовы. Унук Кірыл вельмі часта хварэе, вось і сёньня бабуля ды маці павядуць яго да лекара. Але найбольш цяжкая — інфармацыйная ізаляцыя.

(Захаранка: ) "Я вельмі часта набываю газэты — гэта адзіная мая радасьць, але ж тут толькі расейскія. Зь іх я атрымліваю нейкую інфармацыю. Бывае, што і пра гэтага… Луку напісана".

Як распавяла Вольга Захаранка, хутка прыедзе іх наведаць Людміла Карпенка, абяцаліся быць і некаторыя апазыцыянэры.

Але ж:

(Захаранка: ) "Мы жывем адным днём, паміж небам і зямлёй, і няма ў нас нічога пэўнага", — кажа Вольга, жонка Юр'я Захаранкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG