Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА ГАДЫ МАЦІ ЮР'Я ЗАХАРАНКІ ЧАКАЕ, ШТО СЫН ВЕРНЕЦЦА ДАДОМУ


Ігар Карней, Гомельская вобласьць

Кожнага, хто наведвае сьціплы дом на ўскрайку Васілевічаў, 77-гадовая гаспадыня сустракае сьлязьмі: два гады яна верыць, што ў варотах зьявіцца ейны сын. Гаворыць Ульяна Захаранка:

(Захаранка: ) "Я начамі ня сплю. Як толькі які стук, мне ўсё здаецца, што Юра йдзе. Ён заўсёды як прыяжджаў, у вакенца ля вэрандачкі стукаў. Цяпер ужо ня стукае…"

Адчай маці можна зразумець: роўна за год да зьнікненьня Юр'я раптоўна памёр яшчэ адзін сын — Уладзімер. Былы падводнік, амаль 20 год прахадзіў на атамных субмарынах і, як лічыць маці, там і паклаў здароўе. Але да Валодзі яна мае магчымасьць хоць схадзіць на магілу. Дзе паплакаць над Юрам — застаецца толькі гадаць.

(Захаранка: ) "Некаторыя кажуць: маўляў, маці знае, дзе ён. А я плачу — няўжо, штосьці ведаючы, я б столькі плакала, перажывала? Але большасьць шкадуюць, дапамагаюць. Я дужа хварэю, дык да мяне і лекары прыяжджаюць, і суседзі прыходзяць, тэлефануюць — як здароўе. Юру вельмі шкадуюць; ён жа такі адкрыты да ўсіх, заўсёды сябры ў яго былі. І цяпер пытаюць: можа што я чула".

Жыцьцё ўвесь час правярае гэтую шчырую, адкрытую жанчыну на стойкасьць. На самым пачатку вайны яе, тады 16-гадовую дзяўчыну, немцы вывезьлі з Палтаўшчыны ў канцлягер у Кёльне. На фронце загінуў брат, Герой Савецкага Саюзу, Васіль Лазарэнка. У Нямеччыне пад канец вайны пазнаёмілася зь Мікалаем Захаранкам, нараджэнцам беларускіх Васілевічаў (яго да прыходу амэрыканцаў трымалі ў Бухенвальдзе).

Пасля вайны Мікалай прыехаў у Міргарад і забраў Ульяну ў Беларусь. Але лягерныя зьдзекі адбіліся на здароўі й неўзабаве ён памёр, пакінуўшы жонку з двума малымі. Ульяна Рыгораўна кажа, што цяперашняе жыцьцё, на жаль, усё больш нагадвае лягерныя парадкі.

(Карэспандэнт: ) "Хутка выбары, вы будзеце галасаваць?"

(Захаранка: ) "Куды я пайду? Майго сына "зьелі", а я буду галасаваць? Бог зь імі. У нас у Гомелі людзі ўжо вельмі злыя. І кажуць, што ніхто за Лукашэнку галасаваць ня будзе".

(Карэспандэнт: ) "Калі б зараз у выбарах удзельнічаў ваш Юры, мясцовыя жыхары за яго прагаласавалі б аднадушна?"

(Захаранка: ) "Толькі б за Юру! Тут усе кажуць: каб ён вярнуўся, толькі б за яго й галасавалі б, больш ні за каго. Ён быў вельмі самастойны. Заўсёды ўсё рабіў спакойна. А працавіты які! Міністрам быў, прыяжджаў дадому, пераапранаўся, і пайшоў: віламі, граблямі, малатком. Упрагаўся ў барану, і на сабе баранаваў… Ён быў вельмі, вельмі просты".

Сам Юры Захаранка ніколі не саромеўся прылюдна прызнацца ў любові да маці. У многіх інтэрвію ён падкрэсьліваў: толькі ў Васілевічах назапашвае ўнутраныя сілы; толькі тут дасягаецца маральная раўнавага пасьля няўдач на палітычным фронце.

Ульяна Рыгораўна прыгадвае, што пасьля таго, як Лукашэнка адхіліў яго ад пасады міністра, Юры прыехаў, упаў на ложак, і тры дні не выходзіў са сваёй спальні. А калі супакоіўся, сказаў толькі адно: вось цяпер — наперад. Ці адчуваў, што яго там чакае? Напэўна, так.

Зараз у сваім чаканьні Ўльяна Рыгораўна адна. Няма ўжо мужа й малодшага сына. Няма зьвестак пра Юр'я. Ня вытрымала псыхалягічнае напругі й зьехала ў Нямеччыну нявестка, а зь ёй унучкі і праўнук... Невыносна цяжка згубіць разам усё.
XS
SM
MD
LG