Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНІСТАР АБАРОНЫ ЛАТВІІ ЛІЧЫЦЬ БЕЛАРУСЬ ПАТЭНЦЫЙНЫМ ВАЕННЫМ ПРАЦІЎНІКАМ


Юры Сьвірко, Менск.

Кіраўнік вайсковага ведамства Латвіі Гірт Крыстоўскіс узяў удзел у жывым эфіры рыскае радыёстанцыі “MIX FM 102,7” – у адмысловай праграме “З уладаю – па-расейску” ён адказваў на пытаньні слухачоў.

Зьмест перадачы апублікавала даволі бульварная расейскамоўная газэта “Суббота”, якая паведаміла, што міністар абароны Латвіі “у якасьці патэнцыйнага праціўніка Латвіі бачыць Расею й Беларусь”.

Сапраўды, на пытаньне радыёслухача, што кажа пра патэнцыйнага праціўніка абаронная дактрына Латвіі, спадар Крыстоўскіс адказаў гэтак:

“Наш верагодны праціўнік аб’ектыўна на ўсходзе. Мы маем 80 кілямэтраў мяжы зь Беларусьсю. Эўропа аб’ектыўна лічыць, што там апошні таталітарны рэжым у Эўропе. А таталітарныя рэжымы заўжды даволі небясьпечныя, паколькі яны непрадказальныя й залежаць ад уплыву аднаго чалавека. Такая праблема ёсьць у Беларусі – малавата там усё ж дэмакратыі: дэмакратычны сьвет гэта вельмі добра ведае”.

Міністар абароны Латвіі таксама заявіў пра Расею, што “яна распрацоўвае свае трэніроўныя пляны ды глядзіць на тэрыторыю Прыбалтыкі як на тэатар ваенных дзеяньняў”.

Гэтая заява адразу выклікала рэпліку, што такія словы могуць быць патлумачаныя палітыкамі Беларусі й Расеі як афіцыйная заява сябра ўраду Латвіі пра тое, што гэтая краіна разглядае найбліжэйшых суседзяў як верагоднага праціўніка.

Рэпліка не зьбянтэжыла Гірта Крыстоўскіса, і ён заявіў: “Я думаю, што гэта аб’ектыўны працэс. Кожная краіна распрацоўвае праблемныя сытуацыі, якія могуць разьвівацца, і ў сваіх плянах можа ўлічваць тыя сілы, якія могуць быць выкарыстаныя ў нейкіх ваенных дзеяньнях, – напрыклад, на інашй тэрыторыі ці ў суседніх краінах”, – зазначыў міністар абароны Латвіі.

Ён таксама дадаў, што “тут няма ніякай палітыкі, а ёсьць аналіз і прапрацоўка розных варыянтаў, якія, магчыма, могуць паўстаць”. Паводле Гірта Крыстоўскіса, гэта нармальна. “Адначасова я магу сказаць, што наша дзяржава імкнецца рабіць усё, каб заключыць з Расеяй дамову пра супрацоўніцтва па ўсіх актуальных пытаньнях”, – заявіў міністар абароны Латвіі.

Пра Беларусь далей нічога ў публікацыі рыскае газэты “Суббота” не было. Але й словаў спадара Крыстоўскіса пра беларускі таталітарны рэжым як пра верагоднага праціўніка хапіла, каб прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка зрабіў адпаведную заяву:

(Латушка: ) “У сувязi з публiкацыяй 4 мая 2001 года ў латвiйскай газэце "Субота" iнтэрвію Мiнiстра абароны Латвiйскай Рэспублiкi Гiрта Крыстоўскiса, у якiм у якасьцi верагоднага працiўнiка Латвii была названа Рэспублiка Беларусь, лічым мэтазгодным заявiць наступнае.

Рэспублiка Беларусь нiколi не разглядала i ня мае намеру разглядаць Латвiйскую Рэспублiку ў якасьцi патэнцыйнага ваеннага працiўнiка.

Заява Мiнiстра абароны Латвii супярэчыць палiтычным i эканамiчным адносiнам, якiя склалiся памiж нашымi дзяржавамi, а таксама духу i лiтары Дэклярацыi аб прынцыпах добрасуседзкiх адносiн памiж Рэспублiкай Беларусь i Латвiйскай Рэспублiкай 1991 году.

Беларускi бок зьвяртае ўвагу Ўраду Латвiйскай Рэспублiкi на недапушчальнасць падобных заяваў i разьлiчвае на атрыманьне афiцыйных тлумачэньняў Латвiйскага боку ў сувязi са згаданай заявай,” – сказаў Павал Латушка, прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага ведамства.

Афіцыйная Рыга яшчэ на пасьпела адрэагаваць на гэтую заяву. Супрацоўнікі амбасады Латвіі ў Менску даведаліся пра рэакцыю Паўла Латушкі. Стала вядома, што ў панядзелак Міністэрства замежных справаў Беларусі мае намер выклікаць па тлумачэньні часовага паверанага ў справах Латвіі ў Беларусі Эгана Нэйманіса.
Таксама ў панядзелак рыскі радыёслухач Мікалай атрымае прыз ад радыёстанцыі “Мікс ФМ 102.7” – за найлепшае пытаньне. Пытаньне пра верагоднага праціўніка Латвіі палічыў лепшым сам міністар аброны гэтае краіны Гірт Крыстоўскіс.

XS
SM
MD
LG