Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ДЗЕ ЗЬНІКЛЫЯ ПАЛІТЫКІ, БІЗНЭСОЎЦЫ І ЖУРНАЛІСТЫ?" — ПЫТАЮЦЦА Ў КІРАЎНІЦТВА ДЗЯРЖАВЫ ПРАДСТАЎНІКІ АГП, САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ І "ЗУБРЫ"


Алесь Мікалайчанка, Менск


Першыя распачалі сваю акцыю барысаўцы. Роўна на палову дванаццатай старшыня філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч, ягоны аднадумец Сяргей Падзолак, сяброўка Маладой Грамады Тацяна Ясюк і актывісты незарэгістраванага моладзевага руху "Зубар" Алесь Барадуля ды Зьміцер Фядорчанка сталі пікетам на вуліцы Энгельса між Палацам Рэспублікі й Менаблвыканкамам.

Яны былі апранутыя ў камізэлькі-плякаты з выявамі твараў зьніклых палітыкаў, бізнэсоўцаў і журналістаў. У рукох яны трымалі плякаты, на якіх было напісана: "Дзе Захаранка? Хто наступны?","Дзе зьніклыя людзі: Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?", "Рукі прэч ад апазыцыі!"

Аляксандар Абрамовіч прыезд пікетоўцаў з Барысава ў сталіцу патлумачыў тым, што задуманая калегамі з АГП сэрыя акцыяў на знак памяці пра другую гадавіну зьнікненьня Юр'я Захаранкі — справа маштабная.

(Абрамовіч: ) "І яе трэба рабіць ля органаў улады. Ну хаця б абласнога памеру. Як мы й робім — перад аблвыканкамам".

Сябра БСДП "Народная Грамада " Сяргей Падзолак сказаў Радыё Свабода, што ён не баіцца магчымага затрыманьня:

(Падзолак: ) "Зьнікаюць людзі ў нашай дзяржаве. Робіцца страшна тут жыць. Нашы затрыманьні — дробязь у параўнаньні з тым, як затрымлівалі тых людзей".

Праз тры-чатыры хвіліны пасьля пачатку акцыі да пікету пад'ехаў міліцэйскі "варанок" з Цэнтральнага РУУС Менску і барысаўцы — усе, акрамя спадара Абрамовіча, апынуліся ў аўтамашыне. Што тычыцца вядомага сацыял-дэмакрата, то яго ад пікетоўцаў непрыкметна адцёр натоўп цікаўных і група журналістаў. Таму яго не затрымалі.

А 16-й гадзіне на вуліцы Магілёўскай, дзе два гады таму скралі Юр'я Захаранку, распачаўся пікет актывістаў Аб'яднанай Грамадзянскай партыі. Дзесяць чалавек на чале з намесьнікам старшыні гэтай палітычнай арганізацыі Аляксандрам Дабравольскім і выканаўчым сакратаром АГП Яўгенам Лабановічам сталі ланцужком блізу скрыжаваньня Магілёўскай і Слонімскай вуліцаў. Яны трымалі ў рукох партрэты Юр'я Захаранкі й Зьмітра Завадзкага, які зьнік роўна дзесяць месяцаў таму.

Іншыя сябры АГП распаўсюджвалі прынятую сёньня заяву партыі пад красамоўным загалоўкам "Жадаем ведаць праўду пра выкраданьне Юр'я Захаранкі й Зьмітра Завадзкага".
Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Свабода:

(Лябедзька: ) "Сёньня стартуе кампанія "Хочам ведаць праўду" і сёньняшні пікет — гэта першая з акцыяў. Такая акцыя адбылася сёньня ў Салігорску, Магілёве і Віцебску. 16-га адбудзецца пікет з нагоды зьнікненьня спадара Ганчара й Красоўскага таксама ў 35 рэгіёнах Беларусі. Тады ж пройдуць пікетаваньні беларускіх амбасадаў у Брусэлі, Маскве, Кіеве, Амстэрдаме, Варшаве і Празе".

Акцыя закончыцца а 20-й гадзіне. Міліцыя пакуль што паводзіць сябе карэктна. Таксама а 17-й гадзіне пікет насупраць будынку Генэральнай пракуратуры праводзіць праваабарончая арганізацыя "Прававая дапамога насельніцтву".

XS
SM
MD
LG