Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЙБОЛЬШ ВЕРАГОДНА, ШТО ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ПРОЙДУЦЬ 9 ВЕРАСЬНЯ


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля абеду на паседжаньні рабочае групы больш як 20 дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў" было вырашана прапанаваць прызначыць прэзыдэнцкія выбары на 9 верасьня. Рабочая група ўхваліла праект пастановы ніжняе палаты, дзе, акрамя даты выбараў, мова йдзе пра стварэньне іншае рабочае групы, якая будзе кантраляваць выкананьне гэтай пастановы пасьля яе зацьверджаньня на пленарным паседжаньні "палаты прадстаўнікоў".

Наступнае паседжаньне "палаты" адбудзецца 16 траўня — пра гэта паведаміў віцэ-сьпікер Уладзімер Канаплёў, закрываючы сёньня сэсію. Але перад гэтым пытаньне пра дату выбараў мусіць папярэдне разгледзець савет "палаты".

Я спытаўся ва Ўладзімера Навасяда, аднаго з удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня рабочае групы: ці можна ўжо зараз казаць, што выбары дакладна пройдуць 9 верасьня?

(Навасяд: ) "Не, ведаеце, няможна сказаць дакладна. Бо вы ведаеце, што ў нас гэтая дата ўжо трэцяя ці чацьвертая. І нават савет "палаты" некалькі разоў адкладваў сваю працу па гэтым праекце пастановы. Таму на сёньняшні дзень можна весьці размову толькі аб тым, што рабочая група ў складзе 21 чалавека выказала гэтую дату — 9-га, і гэтая дата будзе разглядацца на савеце "палаты".

Аднак Уладзімер Навасяд упэўнены, што прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў верасьні, а не, прыкладам, у жніўні.

(Навасяд: ) "Я мяркую так, што ўлета гэтыя выбары праводзіць увогуле нельга, бо гэта ўжо будуць ня выбары, а назначэньне. Таму чым пазьней выбары будуць, тым лепей. Гэта шанец для кандыдатаў, якія будуць замагацца на гэтых выбарах зь цяпер дзеючым прэзыдэнтам".

(Карэспандэнт: ) "Чаму ўсё ж спачатку 2 верасьня прапаноўвалі, цяпер 9-га?"

(Навасяд: ) "Ведаеце, 1 верасьня — гэта Дзень ведаў. Асноўная частка ўчастковых камісіяў знаходзіцца ў будынках школ. Таму гэта проста немагчыма — праводзіць у гэты тэрмін выбары.

Па-другое, большая частка ўчастковых камісіяў фармуецца з настаўнікаў, якія ў гэтых школах працуюць. А потым, чаму я супраць гэтай даты галасаваў, — студэнтаў увогуле на месцы вучобы ня будзе", —зазначыў спадар Навасяд, дэпутат "палаты прадстаўнікоў".

Нагадаю, што прэзыдэнцкія выбары паводле варыянту Канстытуцыі 1996 году мусяць адбыцца не пазьней за 27 верасьня. Апошняя перад гэтай датай нядзеля — 23 верасьня, якую таксама прапаноўвалі як дзень выбараў. Аднак трэба ўлічваць, што выбары найхутчэй пройдуць у два туры. Цяпер відавочна, што першы тур можа быць толькі 9 верасьня, а другі — праз два тыдні, 23-га.
XS
SM
MD
LG