Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА НЁМАНЕ ПЛЯНУЕЦЦА ПАБУДАВАЦЬ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЮ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Адмоўнае стаўленьне выказала большасьць з удзельнікаў публічных слуханьняў. Арганізавала іх журналістка Ніна Палуцкая, якая займаецца пытаньнямі экалёгіі. Ініцыятары пабудовы станцыі – канцэрн Белэнэрга і яго гарадзенская філія. У будучых плянах – пабудова другой ГРЭС на Нёмане – непадалёк ад літоўскай мяжы. Але сёньня ідзе размова толькі аб першай станцыі. Яна разьлічаная на невялікую магутнасьць – на 18 мегават. Затапіць плянуецца каля 2000 гектараў зямлі, але пераважна у рэчышчы самой ракі. Утворыцца вадасховішча даўжынёй 50 кілямэтраў.

Навуковец з гідралягічнага інстытуту з Санкт-Пецярбурга Віктар Католікаў і яго гарадзенскія калегі гаварылі, што ў папярэдніх дакумэнтах ня ўлічанае ўзьдзеяньне будучай ГРЭС на сам Нёман, што ў Эўропе сёньня электрастанцыяў на рэках ніхто не будуе, што атрыманую ў будучым энэргію можна папросту зэканоміць за кошт энэргаашчадных тэхналёгіяў.

Прадстаўнікоў Гроднаэнэрга на грамадзкіх слуханьнях не было. Сёньня я пагутарыў з начальнікам аддзелу капітальнага будаўніцтва гэтага прадпрыемства Кастусём Жынем.

(Жынь: ) “Па будаўніцтве Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі і Полацкай гідраэлектрастанцыі рыхтуецца пастанова Савету міністраў РБ аб пачатку гэтага будаўніцтва. На сёньняшні дзень па Гарадзенскай ГРЭС распрацаванае эканамічнае і экалягічнае абгрунтаваньне будаўніцтва. Яно перададзена на разгляд грамадзкасьці. Абгрунтаваньне інвэстыцыяў яшчэ не закончанае”.

Кастусь Жынь гаворыць, што будаўніцтва станцыі будзе каштаваць прыблізна 65 мільёнаў даляраў. Значная сума плянуецца на экалягічныя мэты, але знайсьці такія грошы будзе няпроста. Праўда, цікавасьць да праекту выяўляюць расейскія энэргетычныя кампаніі, паколькі танная электрычнасьць будзе даваць прыбыткі. Аднак, энэргіі Гарадзенскай станцыі можа хапіць максімум для забесьпячэньня паловы патрэбаў “Азота” – гарадзкога гіганта хіміі.
XS
SM
MD
LG