Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КААЛІЦЫЯ “ПЕРАМЕНАЎ” ПАСТАНАВІЛА ПРАВЕСЬЦІ КАНГРЭС БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

З ініцыятывай правядзеньня ў Менску "Кангрэсу беларускай моладзі" выступіў Малады Фронт. Ягоны лідэр Павал Севярынец тлумачыць неабходнасьць такога мерапрыемства:

(Севярынец: ) "Мэта гэтага форуму — патрабаваньне пераменаў, як мага больш гучнае, і ініцыяваньне больш актыўнага ўдзелу моладзі ў выбарчай кампаніі. Ангажаваньне куды больш шырокага кола моладзевых арганізацыяў, чым тыя, якія, напрыклад, зараз уваходзяць афіцыйна ў кааліцыю.

Гэта будзе адзін з важных крокаў на шляху кансалідацыі ўвогуле ўсіх дэмакратычных сілаў, усіх сілаў грамадзтва, якія патрабуюць пераменаў. А разам з тым вырашаецца шэраг праблемаў: прадставіць моладзь як выяўную сілу, заявіць пра нашыя патрабаваньні пераменаў больш ясна, выразна".

Кангрэс плянуецца правесьці ў пэрыяд між заканчэньнем збору подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта ды іхнай афіцыйнай рэгістрацыяй (найхутчэй у ліпені). Сябры кааліцыі "Пераменаў!" мяркуюць, што ў "Кангрэсе беларускай моладзі" возьмуць удзел некалькі соцень дэлегатаў ад дзясяткаў моладзевых арганізацыяў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У справе правядзеньня Кангрэсу арганізатары гатовыя супрацоўнічаць і з моладзьдзю, якая не ўваходзіць ні ў якія арганізацыі.

Гаворыць кіраўнік Асацыяцыі маладых прадпрымальнікаў Аляксей Чарняеў:

(Чарняеў: ) "Усе моладзевыя ініцыятывы, моладзевыя нефармальныя тусоўкі, можа, нават індывіды, якія б пагадзіліся падпісаць з намі нейкую супольную дамову пра жаданьне ўдзельнічаць у мабілізацыйнай кампаніі, — яны могуць прэтэндаваць на ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

Але я хацеў бы падкрэсьліць, што гэта ня будзе мець такіх функцыяў, якія ўскладаюцца на нейкі "народны хурал". Мы не зьбіраемся абвяшчаць нейкіх лідэраў, прымаць нейкія векапомныя дакумэнты. Гэта перадусім дэманстратыўная акцыя, якая мусіць паказаць моладзі, што ёсьць цэнтар кандэнсацыі сілаў, вакол якога яны могуць аб'яднацца".

У бліжэйшых плянах кааліцыі "Пераменаў!" — супольныя моладзевыя вулічныя акцыі на Дзень абароны дзяцей 1 чэрвеня, а таксама на дзяржаўныя сьвяты 3 і 27 ліпеня. Сёньня ж у склад кааліцыі была прынятая арганізацыя "Маладыя сацыял-дэмакраты", якая ёсьць моладзевым крылом сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада".
XS
SM
MD
LG