Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАШАМУ РАДЫЁ – 50 ГАДОЎ!


Мікола Іваноў, Прага

50-гадовы юбілей Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода сымбалізуе сабой перамогу дэмакратыі над таталітарызмам, перамогу свабонага радыёслова над камуністычнай ды іншай таталітарнай ідэалёгіяй, гэта – сьвята праўды і свабоды, гэта ўрачыстасьць, якая мае сапраўды міжнародная значэньне, – такімі словамі пачаў урачыстае паседжаньне прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Том Дайн.

Том Дайн вітаў на ўрачыстасьці шматлікіх міжнародных госьцей, сярод якіх ганаровае месца займаў прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, чалавек з імем якога зьвязаны крах камунізму ня толькі ў Чэхаславаччыне, але і ва ўсёй Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Вацлаў Гавэл у сваім прывітальным слове сказаў, што, едучы сёньня на Радыё, ён усьвядоміў: Радыё Свабода спадарожнічала яму на працягу усёй сваёй гісторыі.

(Гавэл: ) “Мне 65 гадоў. Радыё Свабода – 50. Успамінаю, што ўжо ў 15 гадоў я яго, часам, чуў, калі Свабоду, прыклаўшы вуха да радыё, слухаў мой бацька. Пазьней і я стаў вельмі уважлівым, здагадлівым і ўспрымальным яго слухачом. А потым і сам стаў з Радыё супрацоўнічаць”.

Прэзыдэнт Гавэл лічыць, што роля Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, адыграная ў мінулым, не зьмяншаецца і сёньня:

(Гавэл: ) “Радыё Свабода мае вялікае значэньне і сёньня. Тое значэньне двайное. Па-першае, тую ролю, якую яно адыграла для нас, так званых посткамуністычных краінаў, тых, якія былі за жалезнай заслонай і пазбавіліся камунізму, гэтую ж ролю яно працягвае адыгрываць і для іншых краінаў, якія маюць недэмакратычнае кіраваньне, дзе пануюць недэмакратычныя рэжымы. Але гэта не адзінае, на маю думку, сёньняшняе значэньне Радыё Свабода. Другое значэньне, якое яно мае для нас, вызваленых, хто жыве ва ўмовах свабоды слова, хто ня мае над сабой таталітарнай або аўтарытарнай улады, – гэта неаэцэнная роля заключаецца ў тым, што Радыё трымае высокі ўзровень прафесійнай журналістыкі, незалежнасьці, палітычнай публіцыстыкі, аналітычнага погляду, вечных каштоўнасьцяў”.

Прысутная на ўрачыстасьцях удава акадэміка Андрэя Сахарава Алена Бонэр, якая зьяўляецца адным з дырэктараў Камітэту правоў чалавека ААН, выкарыстала нагоду 50-годзьдзя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і абвесьціла пастанову камітэту ААН аб тым, што прэзыдэнту Вацлаву Гавэлу прысуджаны тытул “Чалавек году” у галіне правоў чалавека.

У віншавальным пасланьні з нагоды 50-годзьдзя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша гаворыцца:

(Буш: ) “З нагоды 50-х угодкаў Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода віншую вас з вашымі дасягненьнямі ў справе пашырэньня доступу да інфармацыі ва ўсёй Эўропе. На працягу дзесяцігодзьдзяў вашыя перадачы дапамагалі людзям, якія прагнулі свабоды, перамагчы “халодную вайну” і несьлі пасланьне надзеі тым, хто жыў ва ўмовах дыктатуры. Жадаю вам далейшых посьпехаў у наступныя гады”.

Свае віншаваньні з юбілеем нашаму Радыё даслалі таксама: дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл, прэзыдэнты Балгарыі – Пэтэр Стаянаў, Эстоніі – Леннарт Мэры, Грузіі – Эдуард Шэварнадзе.

“10 год таму, – адзначыў у сваім пасланьні прэзыдэнт Эстоніі Леннарт Мэры, – я высунуў Радыё Свабода-Свабодная Эўропа на Нобэлеўскую прэмію міру. Я і цяпер лічу, што Радыё поўнасьцю заслугоўвае падобную ўзнагароду”.

“Шмат хто лічыць, – піша ў сваім віншаваньні Эдуард Шэварнадзе, – што з заканчэньнем халоднай вайны няма прычынаў існаваньня Радыё Свабода. Я заўсёды выступаў і цяпер выступаю супраць падобных поглядаў. Чаму? Таму што інэрцыя таталітарнага мысьленьня застаецца, таму што яшчэ шмат якія праблемы і канфлікты чакаюць тлумачэньня”.

“Для майго пакаленьня, – напісаў Пэтэр Стаянаў, – Радыё Свабодная Эўропа сымбалізуе шмат больш, чымся радыёстанцыю. Слуханьне Радыё Свабодная Эўропа было часткай змаганьня з усясьветным камунізмам і змаганьнем за захаваньне ўнутранай свабоды чалавека”.

Прысутныя на ўрачыстым паседжаньні праслухалі кароткую рэтраспэктыўную праграму перадачаў Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода за 50 год ягонага існаваньня. У ёй быў рэпартаж са зруйнаванага Будапешту 1956 году, які змагаўся з савецкай агрэсіяй, з Прагі 1968 году, калі туды ўваходзілі савецкія танкі, фрагмэнт выступленьня Вацлава Гавэла перад стотысячным натоўпам у пэрыяд аксамітнай рэвалюцыі. Быў і ўрывак зь перадачы беларускай Свабоды аб тым, як палітычны вязень беларускага рэжыму Ўладзімер Кудзінаў даведаўся зь перадачы нашага Радыё пра сваё датэрміновае вызваленьне з турмы.

На заканчэньне ўрачыстага паседжаньня зь віншавальным словам выступіў кіраўнік Каталіцкай царквы Чэхіі кардынал Мірослаў Влк. Ён таксама блаславіў перадачы нашай радыёстанцыі.

(У момант, калі гэтая перадача выходзіць у эфір, урачыстасьці з нагоды 50-й гадавіны Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода працягваюцца)
XS
SM
MD
LG