Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАДАВАЛЬНЕНЬНЕ АД ПРАЦЫ І ДОЎГАЖЫХАРСТВА


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніўс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у багоў несмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё ператварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць?

Той, хто калі-небудзь быў беспрацоўны, напэўна, ведае, што такое стрэс. Цікава, што выкананьне непрыемнай, шкоднай працы мае выразны нэгатыўны ўплыў на стан вашага здароў’я. І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што экспэрты амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage ўключылі пытаньне пра вашае ўспрыманьне працы і яе наяўнасьць у якасьці аднаго з галоўных фактараў вызначэньня рэальнага біялягічнага ўзросту чалавека.

Экспэрты Realage лічаць, што задавальненьне ад працы, якую вы выконваеце штодня, спрыяе агульнаму тонусу арганізму, умацоўвае імунную сыстэму, робіць чалавека менш успрымальным да нэгатыўных ўплываў стрэсу. Апошнія навуковыя дасьледаваньні сьведчаць аб тым, што пачуцьцё радасьці і задавальненьня працай – зусім не абстрактная катэгорыя, а рэальны фактар, які станоўча ўплывае на ціск, склад крыві, пульс, функцыянаваньне паасобных органаў арганізму.

Праца, за якую добра плоцяць, якая прыносіць вам задавальненьне, – гэта выразны фактар доўгажыхарства. Заробак, аднак, мае тут другасную ролю. Той, хто зарабляе шмат грошай, але праца прыносіць яму незадавальненьне і нават пакуты, ня можа быць цалкам здаровым чалавекам. Грошы могуць быць толькі адным з элемэнтаў, які спрыяе шчасьцю і здароў’ю, але яны ня могуць гарантаваць іх.

Сярод тых, хто перакрочыў 90 гадоў, вельмі шмат такіх людзей, якія ўсё жыцьцё былі надзвычай актыўнымі ў сваёй прафэсіі. І нават сёньня, калі ўжо набліжаецца стогадовы юбілей, некаторыя зь іх працуюць альбо займаюцца грамадзкай дзейнасьцю. Сярод іх – прафэсар Барыс Кіт, 91-гадовы беларус, які сёньня жыве ў нямецкім горадзе Франкфурце-на-Майне. Вось што Барыс Кіт кажа слухачам перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” пра сакрэт свайго доўгалецьця:

(Кіт: ) “Я ўсё жыцьцё быў вельмі заняты сваёй працай. Яна забірала мяне амаль без астатку. Я быў шчасьлівы, ды і сёньня я шчасьлівы сваёй працай. Я таксама маю добрую генэтычную спадчыннасьць. Усе мае сваякі даволі доўга жылі. Акрамя таго, я ўсё жыцьцё займаўся спортам. У гэтым і палягае якраз сакрэт майго доўгалецьця”.

Прафэсар Барыс Кіт – чалавек унікальнага лёсу. Усе жыцьцё ён быў вельмі занятым чалавекам. Як ён сам сьцьвярджае, часам, праца напаўняла ягонае жыцьцё без астстку. З настаўніка матэматыкі віленскай беларускай гімназіі ён вырас у вядомага вучонага ЗША, спэцыяліста ў ракетным паліве, які спрычыніўся да распрацоўкі амэрыканскай касьмічнай праграмы. Прафэсар Кіт – аўтар шматлікіх навуковых працаў, у тым ліку, папулярнага ўнівэрсытэцкага падручніка. Барыс Кіт у працягу амаль 30 год ён быў выкладчыкам, прафэсарам Мэрылэндскага ўнівэрсытэту і ягонай філіі ў Нямеччыне. Вось што ён расказвае пра суадносіны ў сваім жыцьці паміж так інтэнсыўнай, але радаснай працай і станам ягонага здароў’я



(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG