Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЛУКАШЭНКІ СЁЛЕТА НЯМА Ў СЬПІСЕ 10 НАЙГОРШЫХ ВОРАГАЎ ПРЭСЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Анатоль Гуляеў лічыць, што Аляксандра Лукашэнкі няма ў сьпісе ворагаў прэсы толькі таму, што пагоршала сытуацыі ў іншых, суседніх зь Беларусьсю краінах:

(Гуляеў: ) "На маю думку, кіраўнік нашай краіны павінен быў трапіць у гэты сьпіс. Але я лічу, што гэтага не адбылося ў тым ліку й таму, што ў іншых краінах ёсьць нейкія такія рэчы, якія больш уражваюць складальнікаў гэтага спісу. Скажам, Расея, у якой забіваюць журналістаў. У нас апошнім часам буйных такіх справаў пакуль не было. Але ня трэба забывацца, што ёсьць справа Завадзкага, якая ня вырашаная, і мы сёньня ня ведаем, дзе наш калега".

Анатоль Гуляеў мяркуе, што за мінулы год сытуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі толькі пагоршала:

(Гуляеў: ) "Захоўваецца няроўнае становішча ў галіне эканомікі. Па-ранейшаму для дзяржаўнай прэсы тарыфы на выраб газэты й на дастаўку яе чытачу ў тры ці пяць разоў меншыя, як у недзяржаўнай".

Спадар Гуляеў прывёў шмат канкрэтных прыкладаў: улады ў Барысаве восьмы раз адмовілі ў рэгістрацыі незалежнай газэты. Менская газета "День" праходзіла працэдуру рэгістрацыі шэсьць месяцаў. З Горак паступілі зьвесткі пра тое, што магілёўскія ўлады нядаўна забаранілі чыноўнікам даваць інфармацыю незалежным выданьням…

Рэдактар менскай газэты "Наша свабода" Павал Жук згодны з тым, што ў Беларусі сытуацыя са свабодай слова толькі пагаршаецца. Ён сьцьвярджае, што цяпер ягонаму выданьню даводзіцца найперш супрацьстаяць эканамічнаму ўціску дзяржавы:

(Жук: ) "Вечныя цяжкасьці — выдаваць газэту, якая не падтрымліваецца ўладамі, якую ўлады стараюцца прыдушыць. Зараз гучна нас прыдушыць немагчыма. Ну магчыма, але даволі цяжка, таму яны спрабуюць гэта рабіць эканамічнымі спосабамі".

Рэдактар "Нашай свабоды" Павал Жук кажа, што пасьпеў ужо прызвычаіцца да ўціску, пошуку друкарняў і памяшканьняў для рэдакцыі. На ягоную газэту пасьля публікацыі дыягназу псыхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі завялі крымінальную справу. Пэўныя сьледчыя дзеяньні ўлады правялі, але расьсьледаваньне затрымалася:

(Жук: ) "Сьледчыя дзеяньні заключаюцца ў тым, што Лукашэнку трэба пакласьці ў стацыянар, па правілах правядзеньня гэтай крымінальнай справы, — на псіхіятрычнае дасьледаваньне. Ніводзін чыноўнік, пракурор ці сьледчы ня можа нават падумаць, якім чынам ён павінен будзе дакласьці пра гэта Лукашэнку. Уся загвоздка ў гэтым".

Павал Жук мяркуе, што гэтая справа зрушыцца толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. А да выбараў, спадзяецца Павал Жук, яна ня будзе замінаць працы газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG