Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОРАГІ ПРЭСЫ – БЫЛЫЯ І ЦЯПЕРАШНІЯ.


Віталь Тарас, Прага

Напярэдані прадстаўнік дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Дэвід Рыкер заявіў у Вашынгтоне з нагоды Дня свабоды прэсы.

(Рыкер: ) “Асабліва важна ў эру інтэрнэту і глябальных камунікацыяў, каб мы рашуча падтрымалі свабоду прэсы і абаранялі тых, хто ахвяраваў сваё жыцьцё і лёс”.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню трапіў у сьпіс ворагаў прэсы ў 1999-м. Сёлета сьпіс узначальвае ісламскі лідэр Ірану аятала Хаменэі. Ён ужо другі год запар трапляе ў гэты сьпіс Міжнароднага камітэту абароны журналістаў – таксама як, напрыклад, прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага камітэту абароны журналістаў Эн Купэр закранула на прэсавай канферэнцыі ў гэтай сувязі тэму забойства журналіста Георгія Гангадзэ ва Ўкраіне.

(Купэр: ) ”Мы лічым, што ўрад Леаніда Кучмы, несумненна, мусіць зрабіць усё магчымае і вельмі хутка выявіць сутнасьць гэтай змрочнай таямніцы”.

Упершыню ў сьпіс галоўных ворагаў прэсы трапіў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Эн Купэр так патлумачыла гэты факт:

(Купэр: ) “Мы пераканаліся, што з таго часу, як Пуцін стаў прэзыдэнтам, сытуацыя са свабодай прэсы пагоршылася ва ўсёй Расеі. Узмацніліся кантроль над прэсай, цэнзура ў справе Чачні, быў зарганізаваны судовы перасьлед прыватных мэдыяў. Найбольш драматычным прыкладам такога перасьледу стаўся Мэдыя-Мост і нядаўні захоп НТВ дзяржаўнай карпарацыяй Газпром-мэдыя”

Дарэчы, сёньня ў Празе ў часе цырымоніі з нагоды 50-годзьдзя Радыё “Свабода-Свабодная Эўропа” удава акадэміка Андрэя Сахарава Алена Бонэр падкрэсьліла сувязь гэтай даты і Дня свабоды прэсы. Яна падкрэсьліла таксама, што прычыны крызысу НТВ ня столькі эканамічныя, колькі найперш – палітычныя. Яна заклікала сваіх сяброў і калегаў, былых аўтараў і выдаўцоў “самвыдату” ў Расеі быць гатовымі ізноў скарыстаць гэтую старую зброю ў барацьбе за свабоду слова.

Між іншым, барацьба супраць яе скончылася нядаўна паразай аднаго з дыктатараў. Былы прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч паводле зразумелых прычынаў выбыў са сьпісу ворагаў прэсы.

Аляксандар Лукашэнка, як ужо гаварылася, фігураваў у ім у 1999 годзе. Але сёлета ягонае імя зноў зьявілася ў сьпісе ворагаў свабоды слова. Яго складае іншая праваабарончая арганізацыя – Рэпартэры бязь межаў.

У справаздачы Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за 2000 год адзначаецца, што напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 15 кастрычніка “Аляксандар Лукашэнка разграміў сваіх палітычных праціўнікаў у Беларусі, улучна зь незалежнымі мэдыямі. Лукашэнка, які адмовіўся сыйсьці па заканчэньні сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у 99-м годзе, як чакаецца, узмоцніць рэпрэсіі цягам 2001-га году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у краіне”.

Далей прыводзяцца шматлікія выпадкі парушэньня правоў журналістаў і свабоды слова ў Беларусі. У прыватнасьці, зьмешчаныя імёны 36-ці журналістаў, затрыманых у Менску ў Дзень волі ў 2000-м годзе, іншыя факты незаконных затрыманьняў, а таксам зьбіцьця й запалохваньня карэспандэнтаў, папярэджваньня на адрас газэтаў і іх фінансавае пакараньне, закрыцьцё недзяржаўнага (8-га) тэлеканалу.

Асобная ўвага надаецца ў справаздачы зьнікненьню апэратара ГРТ Зьмітра Завадзкага 7 ліпеня мінулага году ў менскім аэрапорце і абставінам так званага расьследваньня гэтай справы з боку беларускіх праваахоўчых ворганаў.

Цалкам справаздачу Міжнароднага камітэту абароны журналістаў можна прачытаць на сайце гэтай арганізацыі ў Інтэрнэце www.cpj.оrg.

Як паведаміла дзяржаўнае тэлебачаньне Беларусі, Аляксандар Лукашэнка накіраваў прывітаньне удзельнікам выставы “Прэса ў Беларусі”. Паведамляецца таксама, што ўпершыню ў падобнай выставе ўдзельнічаюць расейскія выданьні – напрыклад, часопіс “Огонёк”, а таксама газэты зь Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі. Як заўсёды не знайшлося на выставе мейсца толькі незалежным выданьням на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG