Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТЭРЫ ДЭВІС: ЗАРАНА КАЗАЦЬ ПРА АДНАЎЛЕНЬНЕ СТАТУСУ БЕЛАРУСІ Ў ПАРЭ.


Вольга Караткевіч, Прага

Чарговая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы праходзіла ў Стразбургу 23-27 красавіка. Ад Беларусі былі запрошаныя дзьве дэлегацыі: дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і прадстаўнікоў т.зв. “Нацыянальнага сходу”. У часе выніковай прэс-канфэрэнцыі віцэ-сьпікер “Палаты прадстаўнікоў” Уладзімір Канаплёў заявіў, што форма ўдзелу дэлегацыі “сходу” практычна “адпавядала фармату спэцыяльна запрошанага”. Пракамэнтаваць гэтую заяву мы папрасілі кіраўніка палітычнага камітэту ПАРЭ Тэры Дэвіса.

(Дэвіс: ) “Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы не прызнае “Нацыянальнага сходу”. Правільна будзе сказаць, што былі запрошаныя дэлегацыі ад Каардынацыйнай Рады апазыцыі і “Нацыянальнага сходу”. Прычыны запрашэньня наступныя: мы хочам заахвоціць нефармальныя кантакты і дыскусіі паміж людзьмі ў Беларусі, людзей з усіх партыяў Беларусі з сябрамі Парлямэнцкай Асамблеі. Аднак, будзе непаразуменьнем гаварыць, што гэта тое самае, што аднаўленьне статусу адмыслова запрошанага”.

Я працытавала Тэры Дэвісу словы Аляксея Ваганава – кіраўніка камісіі “Палаты прадстаўнікоў” у пытаньнях грашова-крэдытнай палітыкі – які заявіў, што аднаўленьне статусу адмыслова запрошанага для беларускага парлямэнту ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы адбудзецца незалежна ад таго, як пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Кіраўнік палітычнага камітэту гэтай арганізацыі не пагадзіўся.

(Дэвіс: ) “Зарана казаць, што статус будзе адноўлены. Я думаю, што некаторыя людзі ў Беларусі стараюцца захутка атрымаць вынікі. Цяпер шмат гаворыцца, ці будуць назіральнікі на прэзыдэнцкіх выбарах, але пакуль яшчэ няма рашэньня. Тое, як будуць адбывацца выбары – вельмі важна для будучых дачыненьняў Беларусі зь іншымі эўрапейскімі краінамі і Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы ў прыватнасьці”.

Адназначна скэптычна Тэры Дэвіс паставіўся да тэзы Аляксея Ваганава пра тое, што на аднаўленьне статусу паказвае шмат фактараў. Сп.Дэвіс назваў гэта проста меркаваньнем сябраў т.зв. “Палаты прадстаўнікоў”.

У часе ўчорашняй прэс-канфэрэнцыі Ўладзімір Канаплёў выказаў задавальненьне, што, паводле яго, упершыню ад 1997 году кіраўнічы ворган Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пастанавіў запрасіць на сэсію толькі дэлегацыю Нацыянальнага Сходу – некалькіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі, якія таксама былі ў Стразбургу, Канаплёў назваў “прадстаўнікамі непарлямэнцкай апазыцыі”. Камэнтар Тэры Дэвіса:

(Дэвіс: ) “Як я ведаю, гэта – няпраўда. Калі нехта іншы даў ім так зразумець, я камэнтаваць адмаўляюся. Але я такога ніколі не гаварыў. Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы будзе і надалей запрашаць сябраў “Нацыянальнага сходу” і прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў для працягу дыялёгу”.

Пры канцы чэрвеня – напачатку ліпеня чакаецца візыт у Менск парлямэнцкай тройкі. Тэры Дэвіс сказаў, што дата, праграма і склад удзельнікаў яшчэ ўзгадняюцца. Што да мэтаў візыту, ён яшчэ раз пацьвердзіў, што ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі будуць уплываць на статус і прысутнасьць Беларусі ў парлямэнцкіх структурах Эўропы:

(Дэвіс: ) “Мэта нашага візыту – прааналізваць падрыхтоўку да выбараў”.
XS
SM
MD
LG