Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАДОЎКА Ў БАБРУЙСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміла сёньня нашаму радыё Алена Захожая, распачала яна галадоўку 2 траўня. Пра акцыю пратэсту ведае кіраўніцтва Бабруйскага шыннага камбінату. У адмысловым лісьце на адрас генэральнага дырэктара "Белшыны" спадарыня Захожая патлумачыла і прычыны надзвычайнага кроку.

Гаворыць Алена Захожая:

(Захожая: ) "Зараз яны адмовіліся выдаць пазыку на будаўніцтва жыльля сябру нашага прафсаюзу. І ягонае сяброўства ў прафсаюзе — адзіная прычына, якой кіравалася адміністрацыя.

Алейнікаў Ігар 15 гадоў адпрацаваў на нашым прадпрыемстве, зараз жыве ў маласямейным інтэрнаце. Ён работнік каландравага цэху, зарабляе, як і ўсе мы — столькі, што на тыя грошы можна толькі сабачую будку купіць.

Вось чаму Алейнікаў падаў заяву на атрыманьне пазыкі, але ягоную кандыдатуру адмовіліся нават разглядаць".

Удзень галадоўку спадарыня Захожая трымае на працоўным месцы, а потым — дома. Працуе яна электраманцёрам на заводзе звышбуйнагабарытных шынаў, прафсаюзнай працай займаецца ў вольны час.

Паводле ейных словаў, як сябры суполкі, так і шараговыя рабочыя, нават прадстаўнікі адміністрацыі шыннага камбінату ўпотай спачуваюць ёй.

Што тычыцца начальства "Белшыны", то яно пакуль аніяк не адрэагавала на пратэст прафсаюзнай лідэркі. Паводле словаў Алены Захожай, яе гэткае стаўленьне ня дзівіць — кіраўніцтва "Белшыны" вось ужо два гады спрабуе зьнішчыць прафсаюзную суполку:

(Захожая: ) "Пакуль яны змагаліся з арганізацыяй, а людзям толькі млява пагражалі — гэта можна было цярпець. Да мяне ні ўчора, ні сёньня ніхто з кіраўнікоў "Белшыны" не прыходзіў і не спрабаваў адгаворваць спыніць галадоўку. Але я яе спыню толькі пры адной умове — калі дадуць пазыку Алейнікаву і дадуць даведку для пастаноўкі на ўлік у мясцовых органах улады".

Сёньня ж у Бабруйск для высьвятленьня сытуацыі, зьвязанай з акцыяй пратэсту спадарыні Захожай, выехала кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў на чале зь Віктарам Бабаедам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG