Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАСАВІЦКІЯ ТЭЗЫСЫ АПАЗЫЦЫІ: АНАЛІЗ СЫТУАЦЫІ І ПЛЯН ДЗЕЯНЬНЯЎ.


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Пакуль яшчэ невядомы дзень выбараў няўхільна набліжаецца. Паколькі ўсе мы выйшлі з нашага савецкага мінулага, то і аналёгіі нашыя адтуль. І зараз прыгадваецца такая аналёгія: красавіцкія тэзысы апазыцыі – аналіз сытуацыі і плян дзеяньняў.

Днямі шмат у якіх беларускіх гарадох прайшлі “Чарнобыльскія шляхі” – масавыя акцыі апазыцыі, якія, паводле досьведу апошніх гадоў, зьбіралі найбольшую колькасьць людзей. Зразумела, тыя, хто браў удзел у гэтых акцыях – гэта далёка ня ўсе, хто незадаволены цяперашнім станам рэчаў. Але гэта тыя, хто здольны на актыўны пратэст, хто здольны рызыкаваць, на падставе іхнай актыўнасьці, у рэшце рэшт іхнай колькасьці можна рабіць пэўныя высновы наконт меркаваных паводзінаў і колькасьці тых, хто гатовы сказаць цяперашняй уладзе “не”. Якія ж высновы можна зрабіць з гэтай акцыі?”

(Шушкевіч: ) ”Я б не рабіў высновы з гэтай акцыі, я б рабіў высновы з таго, што адбываецца ў нашым грамадзтве. Я зараз шмат езджу, шмат кантактую. Пратэст павінен быць супраць тых дзеяньняў, якія вядзе ўлада. Калі рэжым мабілізуе некага на сваю падтрымку, калі зьбіраюцца нейкія зъезды і г. д. Павінен быць пратэст супраць такіх дзеяньняў.

Што тычыцца паказчыкаў па «чарнобыльскаму шляху». Чарнобыль – гэта вялікае гора, і я б не разглядаў гэта, як палітычны пратэст супраць рэжыму. У гэтым рэжыме таксама шмат тых, што пацярпеў і церпіць ад Чарнобылю. Галоўная віна рэжыму ў тым, што ён катэгарычна ня здольны наладзіць вытворчасьць, наладзіць эканоміку, дазволіць людзям праявіць уласную ініцыятыву, каб нашыя магчымасьці пашыраліся, каб заробак людзей падымаўся. Супраць гэтага трэба пратэставаць перш за ўсё, бо гэта ад рэжыму залежыць. А дапамога ахвярам Чарнобылю ад гэтага рэжыму залежыць у вельмі малой ступені. Ён бы можа нават і хацеў дапамагчы ахвярам Чарнобылю.
Час ад часу наш «прэзыдэнт», які незакона займае гэтую пасаду, заяўляе: «Я паеду, я дапамагу». Ён нічым дапамагчы ня можа, ён разбурыў тыя структуры, якія могуць дапамагчы, і трэба іх аднаўляць”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Казлоўскі, тое ж пытаньне да Вас. На сёлетні «Чарнобыльскі шлях» выйшла каля 5 тысячаў чалавек. З улікам пэрспэктывы прэзыдэнцкіх выбараў гэта шмат ці мала?”

(Казлоўскі: ) “Гэта, зразумела, мала. Сёньня нашае грамадзтва больш пратэстнае і больш людзей павінна было выйсьці, чым 5 тысячаў чалавек.

Калі я глядзеў рэпартаж па БТ, мне стала страшна ад таго, што прэзыдэнт быў у зоне Чарнобылю не таму, што там здарылася гэтая трагэдыя. На гэтай трагэдыі ён спрабуе ўзмацніць свае пазыцыі перад выбарамі. Ідзе палітычная гульня. Ён красуецца перад тэлекамэраю. Калі я глядзеў, мне было сорамна за такога кіраўніка дзяржавы і за дзяржаву, што мы маем такога кіраўніка, які спрабуе зарабіць палітычны капітал на гэтай бядзе і падмануць людзей.

Прыгадайце ягоныя заявы перад чарнобыльцамі: «Хтосьці з чыноўнікаў адмяніў тыя ільготы, якія вы мелі». І паглядае на Мясьніковіча. Да сам жа ён іх і адмяніў. Ці ён зьвяртаецца да настаўнікаў: «Паважаныя настаўнікі, гэта Стражаў зьняў тыя даплаты, якія вы павінны атрымліваць». Стражаў усьміхаецца, а прэзыдэнт стаіць перад настаўнікамі горды тым, які ён добры. Спэктакаль, камэдыя, і мне сорамна за гэтую камэдыю”.

(Дракахруст: ) “Адна з галоўных тэмаў сёлетняй перадвыбарчай кампаніі – праблема адзінага апазыцыйнага ці альтэрнатыўнага кандыдата. Беларуская апазыцыя натхняецца досьведам сэрбскіх дэмакратаў, якія ў мінулым годзе здолелі аб’яднацца вакол Ваіслава Каштуніцы і перамагчы. Ці здолеюць беларускія дэмакраты паўтарыць гэты досьвед? Днямі зьявілася інфармацыя пра супольны зварот да народу пяцёх патэнцыйных кандыдатаў, сярод якіх і наш сёньняшні суразмоўца – Павал Казлоўскі. Сп-р Казлоўскі, маё пытаньне не пра зьмест звароту, а пра сэнс – пяцёра ня могуць стаць адным? Як Вы мяркуеце – ці будзе на выбарах адзіны кандыдат?”

(Казлоўскі: ) “На выбарах будзе адзіны кандыдат. Але я за той падыход, каб да рэгістрацыі сёньня ішлі некалькі чалавек, якія маглі б дамовіцца зьбіраць подпісы нашых грамадзянаў, каб Лукашэнка ня зьнішчыў таго адзінага, які мог бы быць да рэгістрацыі. Да рэгістрацыі мусяць ісьці некалькі чалавек: у цэнтры – Ганчарык, Чыгір, Казлоўскі, ёсьць прадстаўнік правых сілаў – Домаш, ёсьць прадстаўнік левых – Калякін. Мы павінны ісьці да рэгістрацыі камандамі. Пяцёх зьнішчыць складаней, чым аднаго.Але пасьля рэгістрацыі безумоўна мусіць быць адзіны кандыдат, адзіная каманда, якая будзе грунтавацца на адзінай плятформе. І гэтая плятформа ёсьць”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Шушкевіч, а якое Вашае меркаваньне?”

(Шушкевіч: ) “Я хацеў бы заўважыць, што пяцёра чалавек – гэта зусім нядрэнна. Ёсьць пытаньне – як выбраць найлепшгага зь лепшых? Усе тыя працэдуры, якія зараз адбываюцца, паказваюць, што, па-першае, людзі могуць паміж сабою дамовіцца. Спачатку дамоўленасьць была толькі паміж трыма кандыдатамі. Цяпер ужо пяцёра прыйшлі да агульнай высновы: «Трэба мяняць сытуацыю, мы ведаем, што трэба рабіць».

Хто б ні стаў прэзыдэнтам з гэтых людзей, ён павінен будзе зрабіць фактычна адно: быць за незалежнасьць і за праўную дзяржаву Беларусь і правесьці справядлівыя парлямэнцкія выбары, а ня той сьмех і агіднасьць, якую ўтварылі ў нас. І парлямэнт мусіць вызначыць палітыку. Будзе перавага камуністаў – будзе ў нас плянавая эканоміка. Будзе перавага правых сілаў альбо цэнтрыстаў – будзе пэўны балянс. І вызначыць накірунак мусіць парлямэнт, заканадаўчая ўлада. І ўсе гэтыя кандыдаты з гэтым згодныя. Яны зрабілі агульную заяву.

Кожны зь іх імкнецца ўтварыць штаб. Нельга цяпер ствараць гэтыя штабы, нельга парушаць выбарчае заканадаўства. Але людзі павінны згрупавацца. Давайце паглядзім, у каго будзе лепей атрымоўвацца , хто арганізацыйна больш магутны. Ёсьць дамоўленасьць пра тое, што хто адчуе сябе слабейшым, у каго будзе менш подпісаў, можа зьняць сваю кандыдатуру на любым этапе. Зараз прыйшлі да разумнага падыходу, які адпавядае і пачатковаму падыходу КРДС, каб мець аднаго кандыдата, і адначасна не дае перавагі тым, хто рабіў выгляд, што ён ужо ўсіх аб'яднаў.

Я мяркую, што ў нас хопіць мужнасьці і талерантнасьці дамовіцца паміж сабою і мець аднаго кандыдата. Крок наперад у наяўнасьці. Мы павінны перамагчы, калі будзем такімі крокамі рухацца да выбараў”.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG