Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЖОДЖ БУШ: НОВАЯ СЫСТЭМА СУПРАЦЬРАКЕТНАЙ АБАРОНЫ БУДЗЕ СТВОРАНАЯ Ў КОЖНЫМ ВЫПАДКУ


Юры Дракахруст, Прага

Як піша New York Times прэзыдэнт адхіліў любыя сумненьні ў намеры краіны стварыць сыстэму супрацьракетнай абароны і скасаваць амэрыканска-савецкую дамову 1972 году, якая забараняе стварэньне падобных абарончых сыстэмаў. Джордж Буш патлумачыў гэта велізарнымі зьменамі, што адбыліся ў сьвеце. Паводле яго словаў, цяперашняя Расея не зьяўляецца ворагам Амэрыкі, няма і агрэсіўнага Варшаўскага пакту, які неабходна было стрымліваць пагрозаю ядзернай адплаты. З другога боку, зараз назіраецца распаўзаньне ядзернай зброі па сьвеце, усё больш краінаў авалодваюць тэхналёгіямі стварэньня і дастаўкі ядзерных ракетаў. Сярод іх – краіны-ізгоі, кіраваныя дыктатарамі, якім не шкада ўласны народ. Іх не палохае пагроза гарантаванага зьнішчэньне іх краіны ўдарам у адказ. Да таго ж пагроза ўжываньня ядзернай зброі значна мацнейшая за яе выкананьне.

(Буш: ) “У адрозьненьні ад часоў “халоднай вайны” зараз галоўная пагроза сыходзіць не ад тысячаў савецкіх ракетаў, а ад нешматлікіх ракетаў, што знаходзяцца ў руках краінаў, у якіх запалохваньне і шантаж сталі стылем жыцьця”

У якасьці адной з такіх краінаў Буш назваў Ірак, кіраваны Садамам Гусэйнам. Паводле словаў амэрыканскага лідэра, сыстэма супрацьракетнай абароны мусіць стаць адказам на гэтыя пагрозы і выклікі. Ён лічыць, што амэрыканска-савецкая дамова 1972 году зьяўляецца перашкодаю на гэтым шляху. Разам з тым назіральнікі адзначаюць, што Буш не аб’явіў пра фармальны выхад Амэрыкі з дамовы.

Як паведамляе New York Times, у межах прапанаванай прэзыдэнтам праграмы можа быць створаная сыстэма марскога базаваньня з 50 ракетаў-перахопнікаў, разьмешчаная на двух крэйсэрах. Яшчэ адна вельмі пэрспэктыўная тэхналёгія – баявы лязэр з кіслародна-ёдавай накачкаю.

Прэзыдэнт ЗША патлумачыў, што неад’емнаю часткаю новай ваенай праграмы зьяўляецца істотнае скарачэньне ядзерных наступальных узбраеньняў. Паводле зьвестак газэты Washington Post, размова ідзе пра скарачэньне ядзерных баезарадаў з 7,5 тысячаў да двух з паловаю. Гэтыя ініцыятывы маюць на мэце зьменшыць непакой Расеі і Кітаю, якія ўспрымаюць амэрыканскія пляны стварэньня антыядзернага шчыта як спробу атрымаць вырашальную стратэгічную перавагу. Учора прэзыдэнт Буш патэлефонаваў расейскаму прэзыдэнту Пуціну і прапанаваў яму сустрэцца ў хуткім часе, каб абмеркаваць амэрыканскія ініцыятывы ў галіне супрацьракетнай абароны. Ужо сёньня расейскі міністар замежных справаў Іваноў выклаў адказ Масквы на прапановы прэзыдэнта ЗША.

(Іваноў: ) “Я лічу вельмі важнай заяву прэзыдэнта ЗША , што яго адміністрацыя ня мае намеру рабіць аднабаковыя крокі, а мае намер кансультавацца з саюзьнікамі ды іншымі дзяржавамі, у тым ліку і з Расеяй. Расея гатовая да такіх кансультацыяў, нам ёсьць што сказаць”.

Разам з тым шэф расейскага МЗС прыгадаў, што Масква па-ранейшаму лічыць дамову 1972 году ключавою ў сыстэме забесьпячэньня глябальнай бясьпекі.

Супраць скасаваньньня дамовы 1972 году выказваюцца ня толькі Масква і Пэкін. Пасьля прамовы Буша з крытыкаю яго ініцыятываў выступілі генэральны скратар ААН Анан і міністар замежных справаў Швэцыі Лінд, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе. Амэрыканскія падыходы да праблемы супрацьракетнай абароны цалкам падзяляе толькі Вялікая Брытанія.

Пярэчаньні наконт плянаў адміністрацыі выказвае і апазыцыйная Дэмакратычная партыя ў Кангрэсе ЗША. Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Том Дашле лічыць, што няма доказаў эфэктыўнасьці сыстэмы супрацьракетнай абароны, якую мяркуецца стварыць. Аднак рэспубліканцы, якія маюць большасьць у абедзвюх палатах Кангрэсу, з энтузіязмам падтрымліваюць ініцыятыву прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG