Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У. КАНАПЛЁЎ: ЗЬМЕНЫ ВЫБАРЧАГА ЗАКАНАДАЎСТВА НЕМАГЧЫМЫЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Канаплёў вярнуўся са Страсбургу, з чарговай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, і паведаміў журналістам, што эўрапейскія парлямэнтары цікавіліся хадой падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, умовамі іхнага правядзеньня. На гэта Канаплёў ім адказваў:

(Канаплёў: ) "Выбарчы кодэкс у нас прыняты, пасьпяхова правялі выбары ў мясцовыя органы і найвышэйшы занканадаўчы орган РБ. Таму ніякіх зьменаў і дапаўненьняў мы ўжо ўносіць ня будзем, ужо ўнесьлі каля сотні…

Паводле гэтага кодэксу можна правесьці дастаткова справядлівыя выбары на любым узроўні — пачынаючы ад мясцовых і заканчваючы выбарамі прэзыдэнта", — лічыць У.Канаплёў.

Паводле ягоных словаў, Савет "палаты" хутка прыме рашэньне пра разгляд сэсіяй пытаньня прэзыдэнцкіх выбараў.

Некаторыя сябры "палаты прадстаўнікоў", напрыклад, Аляксей Ваганаў выяўляюць "стрыманы аптымізм" адносна вяртаньня Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў ПА Радзе Эўропы — спадзяюцца, што гэта адбудзецца нават сёлетняй восеньню. Уладзімер Канаплёў прызнаўся, што варункі, у якіх пройдуць прэзыдэнцкія выбары, — адна з умоваў гэтага.

Наконт даты выбараў у Канаплёва няма пэўнага меркаваньня, хоць ён лічыць, што найлепш правесьці іх у верасьні.

Прадстаўнік Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька, які таксама наведваў красавіцкую сэсію Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, ня лічыць магчымым сёлета вяртаньне Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага.

(Лябедзька: ) "Я проста выключаю, што ў бягучым годзе гэтае пытаньне будзе разглядацца ў такім практычным рэчышчы. Нават зыходзячы з самага лепшага разьвіцьця падзеяў, калі, напрыклад, Аляксандар Рыгоравіч прайграе гэтыя выбары, то, натуральна, падзеі разьвіваюцца па крышку іншым сцэнары, і ў гэты год яны не ўмяшчаюцца, проста фізычна.

Ці зацікаўленая палата, каб прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызналі легітымнымі? Безумоўна. Яны з гэтым зьвязваюць мажлівасьць прызнаньня сваёй палітычнай вартасьці як структуры.

Але калі мы паглядзім на інтарэс людзей, якія там знаходзяцца, то мы ўбачым, што тры чацьвертыя зь іх абсалютна кантралюе Лукашэнка, і яны будуць гуляць у фармаце яго сцэнару. А яго сцэнар якраз не разьлічаны на тое, каб у Беларусі адбыліся выбары".

Анатоль Лябедзька мяркуе, што ад "палаты прдстаўнікоў" увогуле мала залежаць умовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Дэмакратычным партыям і замежным структурам, на яго думку, варта дамагацца больш празрыстых і справядлівых умоваў выбараў ад выканаўчай улады.
XS
SM
MD
LG