Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УРАЛ ЛАТЫПАЎ ЗАЯВІЎ, ШТО СПРАВЫ ЗЬНІКЛЫХ БУДУЦЬ У ЛЮБЫМ ВЫПАДКУ РАЗЬВЯЗАНЫЯ


Юры Сьвірко, Менск

Для беларускай аўдыторыі найбольш цікавай часткай перадачы можа быць інтэрвію з Уралам Латыпавым, дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Беларусі, якое пайшло ў эфір адразу пасьля фрагмэнту тэлепраграмы БТ "Тайныя спружыны палітыкі", дзе распавядалася пра Бялград і югаслаўскую апазыцыю, якую беларускія ўлады называюць “купленай Захадам”.

Аўтар перадачы Бі-Бі-Сі Тым Гіўэл прызнаўся ў эфіры, што ня бачыў такой шалёнай прапаганды нават у СССР, дзе жыў 20 гадоў таму. Пра гэта ён сказаў і Ўралу Латыпаву: “Вечар за вечарам я чуў меркаваньні, што ўвесь дрэнны ўплыў ідзе з Захаду”. Вось што адказаў на гэта спадар Латыпаў:

(Латыпаў: ) "Дазвольце мне сказаць, што ўсё, што вы бачылі на беларускім тэлебачаньні, ёсьць адказам, мабыць, на інфармацыйныя і прапагандысцкія дзеяньні з Захаду ў дачыненьні да Беларусі. Калі вы бачылі які-небудзь пазытыўны артыкул ці тэлевізійную інфармацыю пра Беларусь у вашай краіне? Не, толькі нэгатыўную.

Ацэнкі і ўспрыняцьце Беларусі на Захадзе ня ёсьць правільныя. У рэальнасьці Беларусь ня мае масавых парушэньняў правоў чалавека. Беларусь — шматнацыянальная, шматканфэсійная краіна, але мы ня маем унутраных канфліктаў — з ахвярамі", — заявіў дзяржсакратар беларускае Рады бясьпекі.

Карэспандэнт Бі-Бі-Сі нагадаў, што ў Беларусі ўвесь час адбываецца наступнае: “Людзі ўзялі ўдзел у дэманстрацыі, а потым на наступны дзень апынуліся ў судзе”. На гэта Ўрал Латыпаў заявіў:

(Латыпаў: ) "Гэта была звычайная, руцінная паліцэйская акцыя. Людзі хацелі дэманстраваць, яны накіравалі заяўку ў гарадзкія структуры. І яны атрымалі дазвол і месца для дэманстрацыі. Але яны парушылі гэтую дамоўленасьць".

На пытаньне, ці маюць людзі права ладзіць дэманстрацыі ў цэнтры гораду, кіраўнік апарату Рады бясьпекі Беларусі адказаў:

(Латыпаў: ) "У любой краіне, у любым горадзе вы маеце нормы, якія рэгулююць дэманстрацыі, публічныя акцыі і гэтак далей. Гэткім чынам, у Менску, беларускай сталіцы, паліцыя, іншыя дзейнічаюць адпаведна гэтым нормам".

Карэспандэнт Бі-Бі-Сі спытаўся таксама пра справы зьніклых асобаў — Віктара Ганчара ды іншых, нагадаўшы, што Рада Эўропы выказала глыбокую заклапочанасьць тым, што гэтыя справы не расьсьледуюцца належным чынам. “Ці так гэта? Яе расьсьледуюць?” — задаў пытаньне журналіст і атрымаў гэткі адказ:

(Латыпаў: ) "Так, канечне. Бачыце, гэта праблема, сапраўдная праблема. І абавязак дзяржавы, праваахоўчых органаў — знайсьці гэтых людзей, зьніклых людзей".

Карэспандэнт Бі-Бі-Сі нагадаў Уралу Латыпаву, што за Віктарам Ганчаром, паводле словаў ягонае жонкі, да зьнікненьня паўсюль сачылі службы бясьпекі, таму, зазначыў Тым Гіўэл, “думка пра тое, што дзяржава не магла бачыць таго, што зь ім адбылося, — незвычайная”. Вось як адказаў дзяржаўны сакратар:

(Латыпаў: ) "Так, зьнікненьне палітыкаў у любым выпадку — незвычайная падзея. Таму мы мусім расьсьледаваць кожную справу глыбока і мець адэкватную карціну таго, што адбылося, дзе гэтыя людзі".

(Гіўэл: ) "Ці сачылі за імі?"

(Латыпаў: ) "Я ня маю інфармацыі, сачылі за імі ці не. І нават жонкі гэтых людзей ня маюць афіцыйна пацьверджанай інфармацыі, што за імі сачылі".

Тым Гіўэл задаў Уралу Латыпаву й гэткае пытаньне: “Што вы асабіста адчуваеце? Асабіста — як Зінаіда Ганчар. Яна — у немажлівым стане, я маю на ўвазе, у трагічным стане. Ня ведаць нічога — жывы муж ці не. У гэткім выпадку — што вы асабіста адчуваеце наконт немагчымасьці зрабіць нічога? Бо вы ж цяпер на чале — як сакратар Рады бясьпекі — усіх гэтых праваахоўчых органаў”. Спадар Латыпаў адказаў:

(Латыпаў: ) "Так, правільна. Ясна, што гэта трагедыя для сем'яў зьніклых людзей, для іхных дзяцей, для іхных жонак, для іхных маці. Гэта трагедыя, і мы разумеем пачуцьці гэтых людзей. Гэткім чынам, я магу сказаць толькі адну рэч: гэта абавязак праваахоўчых органаў — знайсьці іх".

На пытаньне, ці верыць ён, што дзяржава ня мае дачыненьня да зьнікненьня вядомых асобаў у Беларусі, Урал Латыпаў адказаў:

(Латыпаў: ) "Так, канечне. Ня мае дачыненьня. Дзяржава. Няма сьведчаньня, што дзяржава мела дачыненьне".

А на апошняе пытаньне Бі-Бі-Сі, ці можа быць справа такога кшталту хоць калі-небудзь разьвязаная, дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі адказаў: “Так, у любым выпадку яны будуць разьвязаныя”.

Паслухаць перадачу цалкам, а таксама прачытаць кароткі зьмест можна праз Інтэрнэт: www.bbc.co.uk/continents.
XS
SM
MD
LG