Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП РАСПАЧАЛА КАМПАНІЮ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

70% з тых грамадзянаў Беларусі, якія ведаюць пра зьнікненьне Віктара Ганчара, Юр'я Захаранкі, Зьмітра Завадзкага і Анатоля Красоўскага, лічаць, што ў гэтых зьнікненьнях вінаватыя ўлады.

Але прыкладна палова насельніцтва ўвогуле ня чула пра тое, што ў Беларусі зьнікаюць вядомыя апазыцыйныя палітыкі. На такія сацыялягічныя зьвесткі спасылаюцца арганізатары акцыі “Хочам ведаць праўду”, якая сёньня была абвешчаная Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька не хавае, што акцыя мае дачыненьне і да будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

(Лябедзька: ) “Нашая мэта, і мы пра гэта шчыра гаворым, — як мага шырэй паведаміць пра тое, што адбылося ў кожным канкрэтным выпадку. І мы перакананыя, што калі выканаем гэту задачу, то шанцы Лукашэнкі як кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах будуць меншыя”.

Лідэр АГП кажа, што акцыя ўзгодненая з партнэрамі з дэмакратычнай апазыцыі і дзякуючы гэтай падтрымцы пройдзе больш як у 30 рэгіёнах краіны. У ёй возьмуць удзел сваякі зьніклых палітыкаў, а таксама тых апазыцыянэраў, чыя раптоўная сьмерць дагэтуль выклікае шмат пытаньняў.

У прыватнасьці, да ўдзелу ў пікетах і сустрэчах з грамадзянамі рыхтуецца Людміла Карпенка, жонка памерлага ў красавіку 1999 году Генадзя Карпенкі. Яна таксама перакананая, што толькі пасьля перамогі дэмакратычнага кандыдата стане вядомая праўда пра сьмерць ейнага мужа.

(Карпенка: ) "Я ня ўпэўненая, што ў цяперашняй Беларусі стане вядома, што сапраўды здарылася з маім мужам і куды зьніклі апазыцыянэры. Згадаю толькі, што Лукашэнка пасьля сьмерці Карпенкі ня раз казаў замежным дыпляматам, што памёр ягоны сябар. Чаму ж тады ён нічога не зрабіў, каб правесьці расьсьледаваньне прычынаў сьмерці Генадзя? Я мяркую, толькі таму, што ён ведае праўду", — сказала ўдава Генадзя Карпенкі Людміла.

Першы пікет акцыі “Хочам ведаць праўду” адбудзецца 7 траўня ў Менску на Магілёўскай вуліцы, дзе 2 гады таму зьнік экс-міністар унутраных справаў, сябар Нацыянальнага камітэту АГП Юры Захаранка.

Потым па ўсёй Беларусі пройдуць акцыі ды пікеты беларускіх амбасадаў у Расеі, Бэльгіі, Чэхіі, ЗША ды іншых краінах. Мяркуецца, што наймасавая акцыя будзе 18 траўня — ад плошчы Незалежнасьці да рэзыдэнцыі Лукашэнкі людзі створаць жывы ланцуг, стаўшы з партрэтамі зьніклых і загінулых. Арганізатары акцыі плянуюць, што зьбярэцца больш за 2 тысячы чалавек.
XS
SM
MD
LG