Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМВОЛЬНІКАЎ ВЫПРАЎЛЯЮЦЬ У ВЫМУШАНЫЯ АДПАЧЫНКІ


Міхал Стэльмак, Менск

У пазачарговы адпачынак рабочых "Камволю" накіравала адміністрацыя акцыянэрнага таварыства. Генэральны дырэктар Вікенці Шкатула напярэдадні Першамая выдаў адпаведны загад.

Вось што распавёў сёньня нашаму радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу Віктар Фомачкін:

(Фомачкін: ) "Некаторыя будуць гуляць да 21 траўня, працаўнікі часальнай вытворчасьці — да 14-га. Іншыя вытворчасці, апроч хіба ткацкай, таксама мусяць пабыць у адпачынку да пэўнай даты. Прадзільная вытворчасьць, дзе я працую, зьбіралася аднавіць працу, напрыклад, толькі 16 траўня.

Увогуле, калі браць у разьлік усіх камвольнікаў, у вымушаны адпачынак пойдуць каля 60 адсоткаў".

З словаў Віктара Фомачкіна вынікае, што гэткім чынам адміністрацыя "Камволю" вырашыла перапыніць канфлікт з рабочымі.

Мінулай пятніцай іхнае супрацьстаяньне, як вядома, выйшла за межы прадпрыемства. Жанчыны, якіх тут большасьць, перагарадзілі вуліцу Маякоўскага, патрабуючы неадкладнай выплаты заробкаў. Стыхійная акцыя пратэсту, у выніку якой дзьве гадзіны быў паралізаваны рух транспарту, атрымала шырокі розгалас.

Улады і кіраўніцтва прадпрыемства мусілі задаволіць патрабаваньні камвольнікаў. Хутка знайшлі грошы. Паводле інфармацыі Віктара Фомачкіна, 28 і 29 красавіка запазычанасьць па заробках часткова была скасаваная.

Аднак, як лічыць лідэр Свабоднага прафсаюзу, гэта не вырашае прычыны канфлікту на прадпрыемстве, якое перажывае глыбокі заняпад. Дарэчы, такой жа думкі трымаюцца і прадстаўнікі прафсаюзу, што ўваходзіць у Фэдэрацыю. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю на "Камволі" старшыня галіновага прафсаюзу лёгкай прамысловасьці Валеры Ждановіч:

(Ждановіч: ) "На камвольным камбінаце складаны стан. "Камволь" выпускае выдатную тканіну, але нашы швейныя прадпрыемствы ня маюць грошай, каб яе купіць. Ня могуць тканіну купіць і грамадзяне, бо ў краіне вельмі нізкія заробкі. Падвышэньне заробкаў да 100 даляраў, як плянуе прэзыдэнт, задачы ня вырашыць. Дасягнем 100 даляраў, выплацім адзін раз — і прадпрыемствы спыняцца цалкам", — мяркуе лідэр галіновага прафсаюзу Валеры Ждановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG