Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШЛА МАЁЎКА. ДА ЯЕ ДАЛУЧЫЛІСЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сярод першых на маёўку пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прыйшлі актывісты Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" на чале зь Міколам Статкевічам, а таксама хлопцы й дзяўчаты з "Маладой Грамады".

Менскія ўлады не дазволілі сацыял-дэмакратам арганізаваць дэманстрацыю па праспэкце Скарыны, накіраваўшы іх на плошчу Бангалёр. (Дарэчы, улады ўжо другі год забараняюць праводзіць першамайскія дэманстрацыі ў цэнтры Менску.) Таму сацыял-дэмакраты вырашылі адзначаць сьвята разам з прафсаюзамі.

Гаворыць лідэр "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Гэта сьвята, у якім бярэ ўдзел апазыцыйная партыя, і проста ўлады апынаюцца ў вельмі няёмкай сытуацыі. Калі яны дазваляюць людзям сабрацца, нават зганяюць іх у свае калёны, а нейкая калёна прыходзіць самастойна, то вельмі адчувальная розьніца паміж настроямі людзей. Гэты кантраст уладам нявыгадны. Ім таксама ня хочацца, каб на плошчы Незалежнасьці былі сьцягі нацыянальных колераў. Яны проста баяцца нас".

Паводле лідэра сацыял-дэмакратаў, удзел ягонай партыі ў маёўцы разам з Фэдэрацыяй прафсаюзаў не азначае, што партыя будзе падтрымліваць на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Ганчарыка. Спадар Статкевіч гаворыць, што сацыял-дэмакраты, верагодна, падтрымаюць кааліцыю апазыцыйных кандыдатаў.

На сьвяточнай маёўцы ў парку граў аркестар і выступалі народныя калектывы.

Сюды таксама прыйшлі патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык, Павал Казлоўскі й Сяргей Калякін. Гаворыць Сяргей Калякін:

(Калякін: ) "Гэта спроба асэнсаваць наш сёньняшні стан. І сёньня салідарнасьць працоўнага чалавека ёсьць самым важным у нашай рэспубліцы. Калі гэта будзе, рэспубліка абярэ новае кіраўніцтва краіны, і будзе паступова выходзіць з таго тупіка, у які яе загналі".

Дарэчы сёньня міліцыянты паабяцалі прыцягнуць Калякіна да адміністрацыйнай адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця каля 200 сябраў ПКБ праз плошчу Незалежнасьці да помніка Леніну, дзе камуністы ўскладалі кветкі.

А вось што сказаў нашаму радыё арганізатар маёўкі, намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) "Галоўная мэта, якую мы ставім ужо ня першы год, — каб гэты дзень застаўся як дзень яднаньня намаганьняў працоўнага люду ў барацьбе за свае правы. Ёсьць такія памкненьні ў нас у Беларусі — зрабіць выгляд, што ўсё добра, што гэта толькі сьвята — і ніякіх пытаньняў няма. Мы хочам, каб у гэты дзень людзі зьбіраліся, абмяркоўвалі свае пытаньні й былі бліжэй адзін аднаго".

На кароткім мітынгу ў парку выступіў Уладзімер Ганчарык. На ягоную думку, каб працоўным жылося лепей, трэба неадкладна мяняць сацыяльна-эканамічную палітыку дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG