Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ – НЕЧАКАНЫЯ ЗАТРЫМАНЬНІ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Міліцыя пачала хапаць людзей яшчэ да мітынгу. Кіраўнік мясцовага Маладога Фронту Вадзім Саранчукоў, Дзьмітры Іваноўскі з БНФ і кіраўнік арганізацыі Моладзь АГП Уладзімер Чырвоненка несьлі па вуліцы сьцягі і трапілі ў міліцыю. Іваноўскага, праўда, выпусьцілі, але на мітынгу затрымалі зноў. Упершыню гарадзенская міліцыя ў першамай была настроеная адназначна на канфрантацыю. Нават да мяне на пляцы Леніна адразу накіраваліся два афіцэры міліцыі. Яны сказалі, што на мяне быццам бы атрыманая арыенціроўка, аднак толькі спраўдзілі дакумэнты.

Праз пяць хвілін пасьля пачатку мітынгу мажныя мужчыны ў цывільным схапілі Сьвятлану Нех з Маладой Грамады. У яе быў сьцяг сацыял-дэмакратаў – ружа на чырвоным тле. Дзяўчыну пацягнулі праз увесь пляц на вачах публікі. Сьледам павялі пад рукі Андрэя Сьцяпуру з Маладога Фронту за тое, што ў яго руках быў бел-чырвона-белы сьцяжок. Неўзабаве схапілі кіраўніка Маладой Грамады Валянціна Аскірку, у якога быў сьцяг сацыял-дэмакратыі. Зь ім разам засадзілі Ў варанок кіраўніка мясцовай Народнай Грамады Міхала Патрэбу і намесьніка рэдактара газэты “Біржа інфармацыі” Міхася Карневіча. Часова быў затрыманы яшчэ адзін журналіст – Павал Мажэйка з “Пагоні”. Міліцыі трапіліся таксама некалькі актывістаў Маладога Фронту. У некаторых зь іх была ўлётка пад назвай “Чарка ды скварка – вось і ўся мінімалка”.

У Горадні такое здарылася ўпершыню, каб людзей хапалі на афіцыйным мітынгу. Міліцыя шчыравала, а начальства пры мікрафоне радвалася паляпшэньню жыцьця ды інтэграцыі з Расеяй. Праз паўтары-дзьве гадзіны ўсіх затрыманых выпусьцілі. Іх было 15 чалавек. Яшчэ некалькі асобаў з апазыцыйных арганізацыяў добраахвотна знаходзіліся ў Ленінскім РАУС у якасьці сьведак.

Заўтра адбудзецца суд над Вялянцінам Аскеркам. Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі.
XS
SM
MD
LG