Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДЛЯ ЧАЛАВЕКА СОН?


Мікола Іваноў, Прага

(Іваноў: ) “Паводле экспэртызы амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage, нармальны сон – гэта адна з галоўных умоваў захаваньня здароў’я да старасьці.

Сон – гэта ўнікальны стан чалавечага арганізму, калі функцыянаваньне бальшыні ворганаў адбываецца ў запаволеным тэмпе, калі ўсе без выключэньня клеткі рэгенэруюцца, калі адбываецца актывізацыя імуннай сыстэмы арганізму на барацьбу з інфэкцыяй і хворымі клеткамі.

У старажытнай Грэцыі існавалі храмы Эскулапа, куды людзі прыходзілі спэцыяльна спаць і лячыцца падчас сну.

Сон і сёньня магутны сродак лячэньня чалавечага арганізму. Мэдыкі цяжка хвораму чалавеку вельмі часта даюць лекі на сон, бо менавіта падчас сну працэс выздараўленьня адбываецца ў аптымальных умовах.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage адзначае, што 6-8 гадзінаў нармальнага здаровага сну можа зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 5 з паловаю гадоў.

Памятайце, кожная недаспаная гадзіна ня толькі пагаршае вашае самапачуваньне, але і скарачае вашае жыцьцё.

У гісторыі мэдыцыны зарэгістравана шмат выпадкаў, калі некаторыя людзі спалі вельмі мала альбо ня спалі зусім. На пачатку 70-х гадоў навукоўцы тагачаснай Югаславіі вывучалі фэномэн здароў’я аднаго сэрбскага юнака, які ніколі ня спаў, але адначасна быў абсалютна здаровы чалавек. У войску яго заўсёды прызначалі ў начныя караулы або прыдумлялі яму нейкія іншыя начныя працы. Але чалавек гэты не пражыў і 40 гадоў. Ягоны рэальны біялягічны ўзрост быў амаль на траціну даўжэйшы, чымся ў аднагодкаў. Яго жыцьцё было карацейшае на столькі гадоў, колькі ён не даспаў.

Што ж такое сон з мэдычнага пункту гледжаньня? У чым сутнасьць ягоных унікальных лекавых якасьцяў? Камэнтар на гэтую тэму дае вядучы экспэрт Усясьветнай Арганізацыі Аховы Здароў’я Франклін Апфэльд.

(Апфэльд: ) “З чыста фізыялягічнага пункту гледжаньня, калі б мы наклалі электроды на галаву чалавека, падчас сну зьмяняюцца частоты функцыянаваньня мазгавых хваляў. Асабліва гэта датычыць таго часу, калі людзі знаходзяцца ў стане так званага глыбока сну. Фізыялягічна гэтага глыбокага сну найбольш патрабуе нашае цела. Калі такога глыбокага сну няма, людзі робяцца вельмі нэрвовымі. Кожнаму чалавеку патрэбная індывідуальная колькасьць сну. І на працягу вашага жыцьця гэтая колькасьць мяняецца. Ёсьць такая прымаўка ў ангельскай мове: чалавек усяго тры абеды ад злачынства і дзьве начы ад вар’яцтва. І гэта праўда: калі вы тры разы не зьясьцё, вы пойдзеце красьці ежу. А калі дзьве начы запар не пасьпіцё, вы можаце звар’яцець. Сон – гэта, здавалася б, звычайная зьява, але абсалютна неабходная зьява для падтрыманьня здароў’я. Я скончу свой камэнтар заўвагай: няма нічога лепшага ад кароткага сну пасьля абеду, асабліва, калі вы старэеце”.


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG