Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ІЗНОЎ У ЛІКУ КРАІНАЎ ЗЬ НЕСВАБОДНАЙ ПРЭСАЙ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У адрозьненьне ад папярэдніх дасьледаваньняў свабоды прэсы, гэтым разам супрацоўнікі Freedom House разглядалі і Інтэрнэт. У выніку было прызнана, што ў краінах з абмежаванай свабодай прэсы у сфэры Інтэрнэту існуе большая свабода. Так у Беларусі яна лічыцца памяркоўнай. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі тут былі колькасьці звышактыўных карыстальнікаў, наяўнасьць рэгуляваньня і цэны доступу да сусьветнага Сеціва

Што ж да пытаньня свабоды прэсы, то паводле новых дадзеных, у 2000 годзе колькасьць народаў, якія мелі да яе вольны доступ – расла. Паляпшэньні адзначаныя ў такіх краінах як Інданэзія, Пэру, Югаславія. І ўсё ж больш як траціна ад 187 дасьледваных краінаў сьвету ставіць тыя ці іншыя абмежаваньні свабодзе друкаванага слова, а, прыкладам у Кіта, сытуацыя нават пагоршылася.

Беларусь, якая трапіла ў лік 63-х краінаў зь несвабоднай прэсай, заняла ў гэтым сьпісе 43-е месца паміж Афганістанам, Анголай і Азэрбайджанам з аднаго боку і Бутанам, Бірмай і Бурундзі – з другога, а самымі несвабодным Freedom House называе Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Узбэкістан і Віетнам.

У адмысловых камэнтарах адносна свабоды прэсы пра Беларусь чытаем наступнае:

“У Беларусі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі падначаленыя прэзыдэнту, чыя адміністрацыя ня толькі вырашае, што надрукаваць у тым ці іншым выданьні, але й прызначае галоўных рэдактараў. Незалежнага радыё і тэлебачаньня ў краіне таксама не існуе. Закон пра друк і іншыя сродкі забараняе якое б там ні было асьвятленьне дзейнасьці якой заўгодна арганізацыі, калі яна не зарэгістраваная дзяржавай. Гэты ж Закон забараняе публікацыю крытыкі афіцыйных асобаў.

Дзяржаўны Камітэт па друку можа выносіць папярэджаньні выдаўцам за дзеяньні тыпу зьмены назвы публікацыі альбо распаўсюджаньне выданьняў за межамі краіны. У адваротным выпадку выданьне можа быць прыпыненае да адпаведнай пастановы суду.

Апазыцыя мае нязначны альбо зусім ня мае доступ да дзяржаўных сродкаў інфармацыі. Перасьлед і цэнзура незалежных выданьняў – стандартныя. Напады на рэдакцыі – частыя. Выпадкі перасьледу – таксама. Шмат хто з журналістаў траплялі пад арышты, а адзін зьнік яшчэ ў пачатку ліпеня”.

(Больш падрабязна пра справаздачу Freedom House слухайце ў наступным выпуску перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце у суботу 5 травеня)
XS
SM
MD
LG