Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКІЯ ПАЛІТЫКІ КРЫТЫЧНА ГЛЯДЗЯЦЬ НА ПАЛІТЫКУ СЁНЬНЯШНІХ УЛАДАЎ БЕЛАРУСІ


Ганна Соусь, Вільня–Менск

Намесьнік старшыні Сэйму Гінтарас Сьцепанавічус паведаміў нашаму радыё, што ў літоўскім парлямэнце яшчэ ня вызначыліся са стаўленьнем да прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца сёлета ў Беларусі.

(Сьцепанавічус: ) "Мы пільна сочым за сытуацыяй у Беларусі. У нас даволі актыўна ў партыйнай структуры дзейнічае Камітэт замежных справаў. Але дагэтуль, я шчыра кажу, у нас няма канкрэтнай пазыцыі. Нашае жаданьне — каб у часе выбараў былі створаныя рэальныя ўмовы для канкурэнцыі".

Што да стаўленьня да беларускага парлямэнту, то, паводле Гінтараса Сьцепанавічуса, ёсьць канкрэтная пазыцыя адносна "палаты прадстаўнікоў" — яна, паводле большасьці дэпутатаў Сэйму, ня ёсьць паўнавартасным парлямэнтам.

Я запыталася ў спадара Сьцепанавічуса наконт статусу нядаўна створанай групы літоўскіх парлямэнтароў у справе супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

(Сьцепанавічус: ) "Што тычыцца групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі некаторых палітычных сілаў Сэйму, насамрэч гэта ёсьць ініцыятывай асобных парлямэнтароў. Мы гэта так расцэньваем. Яны маюць даволі частыя кантакты. З гэтай нагоды была даволі вялікая дыскусія ў Камітэце замежных справаў Сэйму, і мы прыйшлі да высновы, што гэтая група ня можа лічыцца ў юрыдычным сэнсе такой жа, як іншыя міжпарлямэнцкія групы літоўскага Сэйму".

Як зазначыў Гінтарас Сьцепанавічус, гэтую думку падзяляе большасьць дэпутатаў Сэйму. А вось як ацэньвае намесьнік старшыні літоўскага Сэйму шанцы Беларусі ў справе інтэграцыі ў эўрапейскія структуры.

(Сьцепанавічус: ) "Патрэбныя радыкальныя эканамічныя рэформы, але першы крок — гэта палітычныя перамены. Мы ўважліва назіраем за эканамічнай палітыкай цяперашніх лідэраў Беларусі. На мой погляд, яна не накіраваная на рэформы, на рынкавую эканоміку, на большую ўвагу да прыватнага сэктару. Бяз гэтага наўрад ці магчыма ўспупіць у Эўразьвяз цягам бліжэйшых 10 гадоў".

А як паведаміў галоўны "перамоўшчык" Літвы з Эўразьвязам, Генэральны дырэктар Камітэту Эўропы пры літоўскім урадзе Пятрас Аўштравічус, плянуюцца некаторыя зьмены ў візавай палітыцы зь Беларусьсю, Расеяй ды Ўкраінай, асабліва ў памежных раёнах. Але гэта не паўплывае значна на падарожжы беларускіх ды літоўскіх грамадзянаў, хаця ёсьць пэўныя рэкамэндацыі адносна кошту шэнгенскіх візаў.

(Аўштравічус: ) "Мы будзем усталёўваць свае кошты на візы і будзем іх рэгуляваць. І рашэньні будуць ісьці зь Вільні. Вядома, што візы будуць больш распаўсюджаныя. Мы павінны прадугледзець, каб усе людзі, якія жадаюць і маюць права падарожнічаць, маглі б прасьцей атрымаць візы. І таму мы цяпер гаворым пра кансуляты ў памежных раёнах".

Хутка год, як на беларуска-літоўскіх дачыненьнях нэгатыўна адбіваецца прызначэньне Ўладзімера Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі. І ў гэтым супадаюць пазыцыі ўсіх літоўскіх палітыкаў. Гаворыць прадстаўнік Камітэту нацыянальнай бясьпекі й абароны літоўскага Сэйму Мікалай Мядзьведзеў.

(Мядзьведзеў: ) "Акрамя таго, што я сацыял-дэмакрат, я яшчэ і хрысьціянін. У Сьвятым Пісьме гаворыцца: "Мне отмщеніе, і аз воздам". Я спачуваю людзям, якія зрабілі штосьці дрэннае на зямлі, і іх не спасьцігла чалавечая кара. Іх чакае значна больш страшнае пакараньне".
XS
SM
MD
LG