Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ НАВУКОЎЦЫ ВЫКОНВАЮЦЬ ПАЛІЦЭЙСКІЯ ФУНКЦЫІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

У працягу дня юнакі аб’яжджалі навучальныя ўстановы і раздавалі ўлёткі, у першую чаргу студэнтам. Ва ўлётках выказваўся пратэст супраць прымусовага разьмеркаваньня. Студэнт політэхнічнага тэхнікума Аляксандар Каляда, школьнікі Сяргей Бондараў і Іван Гардзейчык заклікалі падтрымаць моладзевы Рух за добраахвотнае разьмеркаваньне студэнтаў. Усе яны ўваходзяць у склад арганізацыі Моладзь АГП, якая і заплянавала правядзеньне такіх акцыяў.

Шлях агітатараў спыніўся ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце. Прарэктар па выхаваўчай працы унівэрсытэту Ўладзімер Папоў так і ня змог зразумець сутнасьць моладзевай ініцыятывы. Асаблівае абурэньне ў яго выклікала выснова ўлёткі “Дэкрэт прэзыдэнта пазбавіў цябе магчымасьці вольнага выбару прафэсіі, але ў цябе засталося права выбару прэзыдэнта”.

Студэнта і школьнікаў прымусова зацягнулі ў кабінэт прарэктара пры дапамозе двух навуковых супрацоўнікаў – спадароў Шапрана і Трыфаненкі. Як пасьля расказалі затрыманыя, спадар Шапран нецэнзурна лаяўся і абражаў іх гонар і годнасьць. Супрацоўнікі ўнівэрсытэту, фактычна, прысвоілі сабе функцыі міліцыянтаў і агледзелі ўсе асабістыя рэчы юнакоў. На нейкі час іх пазбавілі волі, бо сілай не дазвалялі выйсьці з памяшканьня. Пасьля вызваленьня юнакі зьвярнуліся ў офіс мясцовай арганізацыі АГП. Сёньня яе кіраўнікі ўжо накіравалаі заяву міністру адукацыі РБ і рэктару МДУ. Спасылаючыся на Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і беларускае заканадаўства, яны просяць прыцягнуць усіх трох навуковвых супрацоўнікаў да дысцыплінарнай адказнасьці. Заяву таксама падпісалі прадстаўнікі БСДП (Народная Грамада) і Свабоднага прафсаюзу.

Тым часам прадстаўнікі ўнівэрсытэту ўжылі свае захады. Сёньня ж намесьнік дырэктара політэхнічнага тэхнікуму выклікаў да сябе бацькоў Аляксандра Каляды і папярэдзіў пра магчымую адказнасьць за паводзіны сына.
XS
SM
MD
LG