Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЯТАЛІН СЬВЯТКАВАЎ У ІРАКУ ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ САДАМА ХУСЭЙНА


Юры Сьвірко, Менск

Паведамленьне ірацкага радыё пра чарговы візыт спадара Замяталіна ў Багдад пачалося наступнымі словамі: “Правадыр прэзыдэнт Садам Хусэйн, захавай яго Бог, прыняў Уладзімера Замяталіна, пасланца прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”.

Паводле радыё, Замяталін прывез ірацкаму правадыру ліст ад Аляксандра Лукашэнкі, які напісаў:

“Я маю гонар даслаць Вам найцяплейшыя віншаваньні й найлепшыя пажаданьні ад майго імя ды паводле даручэньня беларускага народу ў гадавіну Вашага нараджэньня. Я прашу Бога падараваць вам шчасьце й посьпех служыць дружалюбнаму ірацкаму народу. Ваша жыцьцё ёсьць мадэльлю сумленнае працы на службе ірацкаму народу ды абароны яго інтарэсаў і прагрэсу”.

Сам Замяталін сказаў, што ён шчасьлівы мець шанец перадаць гэтыя віншаваньні, і пажадаў ірацкаму народу “працяглага прагрэсу пад кіраўніцтвам пераможнага лідэра Садама Хусэйна”.

Садам падзякаваў госьцю й сказаў:

“Народ — гэта тыя, хто стварае нацыянальны супраціў, які нараджаецца ў межах нацыі ад духу народу, у час, калі Захад спрабуе насадзіць нізкіх людзей, якіх спакушаюць высокімі пасадамі дзеля распродажу іхнай бацькаўшчыны й гонару іхных народаў. Іракцы ведалі пра гэтыя пляны Захаду ад самага пачатку. Вось чаму іх не закранулі дурныя пачуцьці Захаду і яны не супрацоўнічаюць зь ім”.

Садам Хусэйн таксама паведаміў Уладзімеру Замяталіну:

“ЗША кантралююць бальшыню нафтавых крыніцаў на Блізкім Усходзе. Мы лічым, яны занепакоеныя тым фактам, што Ірак, вялікая нафтавая краіна, застаўся па-за іхным кантролем. Вось чаму ўсё, што бачыў Ірак, зьвязана з гэтым чыньнікам, у дадатак да факту, што Ірак ёсьць ворагам сіянізму”.

Акрамя гэтых сьвяткаваньняў, Уладзімер Замяталін браў удзел у трэцім паседжаньні супольнае беларуска-ірацкае камісіі, якую ён узначальвае зь беларускага боку. Спадар Замяталін зазначыў, што афіцыйны Менск надае вялікае значэньне падпісаньню ў часе працы камісіі пагадненьня пра наўпроставую авіялінію Менск—Багдад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG