Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ МАСКОЎСКАГА РАУС ЗЬБІЛІ ПРАКУРОРА


Любоў Лунёва, Менск

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску пачала крымінальную справу на міліцыянта роты патрульна-паставой службы Сяргея Малашэнку за зьбіцьцё супрацоўніка міжраённай менскай пракуратуры Андрэя Бельскага.

Андрэй Бельскі ўвечары 8 красавіка разам са сваімі знаёмымі йшоў па вуліцы Алібегава. Раптам каля іх спыніўся міліцэйскі “варанок”, зь якога выбеглі міліцыянты. Спачатку яны звалілі з ног Андрэя і ягонага сябра, а потым пачалі біць іх гумавымі дубінкамі й нагамі.

Затым міліцыянты счапілі сваіх ахвяраў кайданкамі і загадалі сесьці ў машыну. Каля машыны старшына міліцыі Сяргей Малашэнка моцна ўдарыў Бельскага па галаве. У міліцэйскім пастарунку іх ізноў білі, пасьля абшукалі і з кішэні Андрэя Бельскага выцягнулі пракурорскае пасьведчаньне. Гэта на нейкі час зьбянтэжыла міліцыянтаў, але потым яны паведамілі, што складуць пратакол за знаходжаньне на вуліцы ў нецьвярозым стане.

Калі ж спадар Бельскі запатрабаваў, каб яго завезьлі на экспэртызу на наяўнасьць алькаголю, міліцыянты вырашылі выпусьціць яго з пастарунку. На вуліцы Андрэй Бельскі спытаўся ў паставога прозьвішча старшыны, які яго зьбіваў. Паставы крыкнуў: “Сярога! Тут намагаюцца высьвятліць тваё прозьвішча!”

Тады Сярога (гэта быў старшына Сяргей Малашэнка) выбег, заламаў руку супрацоўніку пракуратуры і зацягнуў яго зноў у пастарунак. Там ён прыгразіў Бельскаму: калі не падпіша заяву пра тое, што ня мае прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі, яго зноў будуць біць. Андрэй Бельскі вымушаны быў пагадзіцца.

На наступны дзень ён зьвярнуўся ў паліклініку, дзе зафіксаваў пабоі, і ў пракуратуру. Пракуратура Маскоўскага раёну пасьля праверкі завяла днямі крымінальную справу на Сяргея Малашэнку за перавышэньне ўлады. Гаворыць сьледчы Юры Надольскі:

(Надольскі: ) "На месцы майго калегі Андрэя Бельскага мог апынуцца любы грамадзянін, які ў той час ішоў па вуліцы Алібегава. Крымінальная справа звычайная. На жаль, супрацоўнікі міліцыі замест каб разабрацца, пачалі яго зьбіваць. Калі Андрэй Бельскі апынуўся ў гарадзкім аддзеле міліцыі і супрацоўнікі міліцыі высьветлілі, што перад імі супрацоўнік менскай міжраённай пракуратуры, яны прымусілі Бельскага напісаць заяву, што той ня мае прэтэнзіяў да міліцыянтаў".

Гэтая крымінальная справа — не адзіная такога кшталту. Менскія раённыя пракуратуры расьсьледуюць некалькі крымінальных справаў на міліцыянтаў за злоўжываньне службовым становішчам. Увогуле, многія людзі трапляюць у падобныя сытуацыі — калі міліцыянты ўжываюць сілу і гвалт, але толькі адзінкі такіх справаў даходзяць да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG