Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАРГА БЕЛЕНЬКАГА, ВЯЧОРКІ І АДВАКАТКІ СТРАМКОЎСКАЙ НА ІЛЖЭСЬВЕДКУ-МІЛІЦЫЯНТА АДХІЛЕНАЯ ПРАКУРАТУРАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юрась Беленькі, Вінцук Вячорка і Алесь Бяляцкі, якія пасьля Дня Волі вымушаныя былі правесьці пэўны час у ізалятары, лічаць, што такое пакараньне стала вынікам непраўдзівых сьведчаньняў намесьніка начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Аляксандра Барсукова і ягоных падначаленых.

Апроч таго, Беленькі й Вячорка сьцьвярджаюць, што Барсукоў ціснуў на судзьдзяў ды абражаў затрыманых. Разам з адвакаткай Верай Страмкоўскай яны зьвярнуліся са скаргай на Барсукова ў гарадзкую пракуратуру, патрабуючы пачаць на міліцыянта крымінальную справу.

Як стала вядома, справы не пачалі. Закон дазваляе гэтак рэагаваць на скаргу, але пасьля ўсебаковай праверкі й адпаведнай пастановы. Між тым, пракуратура сябе такімі клопатамі не абцяжарвала. Гэта стала вядома зь ліста, які атрымалі з пракуратуры асуджаныя. У ім намесьнік загадчыка нагляднага аддзелу спадар Сухаверка раіць пацярпелым зьвярнуцца ў суд, каб абараніць гонар і годнасьць. Адкаватка Вера Страмкоўская на гэты конт кажа:

(Страмкоўская: ) "Пракуратура адмаўляецца рабіць тое, што павінна рабіць — бараніць правы і законныя інтарэсы нашых грамадзянаў. Мы ўсе як падаткаплатнікі чакаем гэтага ад пракуратуры. І гэта сьведчыць пра тое, што правы чалавека ў нашай краіне парушаюцца. У нас, такім чынам, увогуле няма магчымасьці дайсьці да гэтых ўстановаў, якія па Канстытуцыі гарантуюць разгляд нашых скаргаў".

Варта заўважыць, што юрыдычная база дзеля крымінальнага перасьледу ілжэсьведкі была забясьпечаная гарадзкім судом, які адмяніў прысуды Юрасю Беленькаму і Алесю Бяляцкаму. І гэтая база застаецца дзейснай, але, як лічыць Страмкоўская, разьлічваць на тое, што пракуратура будзе разьбірацца з парушальнікамі закону ў міліцэйскіх мундзірах, не выпадае. Гэтаму яе вучыць досьвед адваката ў сёньняшняй Беларусі.

(Страмкоўская: ) "У нас усё гэта зь Беленькім адбывалася год таму, калі 25 сакавіка ён таксама быў моцна зьбіты міліцыянтамі. Ён тады зьвярнуўся ў пракуратуру, але дасёньня нічога ня зроблена. З Волчакам тая самая справа, са Шчурком таксама. Вы ведаеце, гэта ўжо такая традыцыя ў нас. На жаль, сумная традыцыя", — пракамэнтавала адвакатка Страмкоўская адмову пракуратуры разьбірацца зь міліцыянтам, які парушыў закон.
XS
SM
MD
LG