Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІЯ "ЗУБРЫ" ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ВЫЗНАЧЭНЬНЯ “КАНЧАТКОВАГА ДЫЯГНАЗУ”


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Пэрформанс "Канчатковы дыягназ" адбыўся ўчора на перакрыжаваньні галоўных алеяў гарадзкога парку. Трое хлопцаў з сотні прысутных тут "зуброў" былі ў масках: чорныя вусы, вялікі нос ды лысіна, прыкрытая рэдкімі валасамі, нагадвалі вядомага дзяржаўнага дзеяча. Белыя мэдычныя халаты апранулі вядучая імпрэзы, якая выконвала ролю псыхіятра, і чацьвёра юнакоў — "санітары з брыгады хуткай псыхіятрычнай дапамогі".

Маска пад сьмех прысутных распачала размову. "Трасянка" і знакамітыя фразы рабілі пэрсанаж пазнавальным.

(Маска: ) "Хай не надзеяцца. Не павяду я свой народ за цывілізаваным мірам! І ўвогуле: чаму няма яйцаў чалавечаскіх нармальных у магазіне? Нямедленна падаць чалавечаскія яйцы!"

Потым маска гуляла сама з сабою ў так званы лыжны хакей ды спаборнічала зь іншымі маскамі ў лыжным прабегу па асфальтавай сьцежцы. А на фінішы спартоўцаў сустрэлі "санітары" і нацягнулі на кожнага ўтаймавальную кашулю.

Сярод глядачоў быў і лідэр філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч, які разам са сваімі калегамі 16 студзеня падчас першага ў Барысаве пэрформансу запатрабаваў правесьці псыхіятрычнае абсьледаваньне Аляксандра Лукашэнкі. Ён паведаміў Радыё Свабода, што ўчора судзьдзя гарсуду спадар Кобец выклікаў яго і паінфармаваў, што гарадзкая пракуратура спыніла крымінальную справу на ўдзельнікаў таго пэрформансу, якую пачалі за абразу гонару і годнасьці Лукашэнкі. Выявілася, што экспэрты зь Дзяржаўнага мастацкага музэю нічога абражальнага ў афармленьні акцыі не знайшлі.

Што да ўчорашніх удзельнікаў імпрэзы, то міліцыя іх не затрымлівалала — відавочна, з тае прычыны, што ніводнага ахоўніка парадку у той час у парку не было.
XS
SM
MD
LG