Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСАДЖЭНЬНЕ НА КОЛ. ГІСТАРЫЧНЫ ПРАТАТЫП СЁНЬНЯШНЯЙ УЛАДЫ Ў РБ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

З гісторыі і літаратуры мы ведаем, што ўзурпатары ўлады звычайна настолькі ж даюцца ў знакі сваім народам, наколькі ўдзячны ўяўляюць сабою матэрыял для псыхолягаў, пісьменьнікаў, дасьледчыкаў культуры. Іх вобразы часьцяком становяцца знакавымі, іх імёны пішуцца на вокладках тоўстых раманаў. Канцэнтрацыя ўсёй улады у адных руках мабілізуе чалавечую асобу, усё, што ў ёй ёсьць добрага ці благога. Астатнім выходзіць паказальная навука - чалавечая прырода ў чыстым выглядзе.

Дыктатары як правіла самотныя, звыш меры заклапочаныя ўласнай бясьпекай, а таксама думкамі пра свой сыход. Да прыкладу, Сталін на схіле дзён зусім сур'ёзна разважаў пра несьмяротнасьць, а Гітлер баяўся, што яго будуць вазіць па Расеі ў жалезнай клетцы. Не раўнуючы, Ямельку Пугачова. Прычым ня столькі клетка яго палохала, колькі Расея - агромністая і бяскрайняя, што абяцала расьцягнуць паездку да немагчымасьці.

Ня склаў выключэньня ў сьпісе такіх кіраўнікоў і першы прэзыдэнт РБ - гэткі ж усеўладны, гэткі ж самотны, заклапочаны ўласнай бясьпекай і праблемай сыходу. Маю на ўвазе нядаўняе шчыраваньне Аляксандра Лукашэнкі перад супрацоўнікамі КГБ пра тое, што апанэнты пасадзяць яго на кол. Каб гэта не ўсур'ёз, падумаў бы, што апавяданьне нейкае. Цытую: "Яны крычаць у адзін голас - Лукашэнка вінаваты. Гэта дэмакраты, дэмакраты, якія апрануліся ў дэмакратычную тогу! Яны ўжо мяне асудзілі без суда! Мяне, галаву дзяржавы. Дык вось, каб ня мучыліся болей журналісты з нагоды вось гэтых усіх гучных справаў і злачынстваў, я хачу заявіць наступнае - так, я вінаваты, што гэта здарылася ў краіне. Я, бо - прэзыдэнт. І больш не шукайце вінаватых... Але судзіць мяне будуць толькі тады, калі мне ў даверы адмовіць народ. І калі яны захопяць уладу. Тады яны ўсе без суда і сьледзтва пасадзяць мяне на кол".

Незвычайная выснова пра гэткі экзатычны для сябе спосаб сыходу, на першы погляд, гучыць як самавыкрывальніцкая мэтафара. Сапраўдны змагар за народную долю, якім звычайна падае сябе першы прэзыдэнт, мусіў бы сказаць - яны мяне ўкрыжуюць. Але вырвалася іншае - пасадзяць на кол. Толькі ўся рэч у тым, што гэта ніякая не мэтафара. І згадаўшы пра кол, Аляксандар Лукашэнка даў вельмі ёмістую характарыстыку сваёй уладзе, дакладна ўказаўшы на яе гістарычны прататып і на прататып яе праціўнікаў, якія маглі б прыйсьці да ўлады на зьмену першаму прэзыдэнту. Адначасова ясьней убачыўся зьмест тых мінулых сямі гадоў, якія Беларусь пражыла з вобразам гэтага чалавека.

Рэч у тым, што пакараньне сьмерцю цераз пасаджэньне на кол у гісторыі Беларусі практыкавалася ў дачыненьні толькі да аднаго віду злачынцаў. На кол саджалі казакаў. І гэта адзіны выпадак, які настаўнік гісторыі Лукашэнка мог штудзіраваць яшчэ ў магілёўскім пэдінстытуце. Арыгінальнае пакараньне запомнілася на ўсё жыцьцё, бо ў тым проціборстве першы прэзыдэнт быў на баку пакараных.

Напэўна, ня кожны дзень кіраўнікі краінаў па ўсім сьвеце шчыруюць пра гэткі свой сыход. Апроч таго, архаічнасьць пакараньня змушае да развагаў пра культуралягічны зьмест пасаджэньня на кол. Раптам ажываюць цэлыя гістарычныя эпохі з нашэсьцямі барбараў, самымі неверагоднымі катаваньнямі і самымі разнастайнымі трактоўкамі тых ці іншых прадметаў забойства. Але будзем дакладнымі. На маю просьбу Сяргей Харэўскі падрыхтаваў агляд выпадкаў і тлумачэньняў пакараньня калом у беларускай і сусьветнай практыцы...

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

XS
SM
MD
LG