Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫСТАВА ЖЫВАПІСУ І ЭТНАГРАФІЧНАЙ КАЛЕКЦЫІ З ЧАРНОБЫЛЬСКІХ РАЁНАЎ ВІКТАРА ШМАТАВА


Юрась Барысевіч, Менск

У Палацы мастацтваў адчынілася выстава жывапісу Віктара Шматава “Маё Палесьсе”. Апроч палотнаў з сэрыі “Чарнобыльская катастрофа”, выстаўляюцца дэзактываваныя хатнія рэчы з прычарнобыльскіх вёсак — ручныя млыны, самаробны посуд, вышываныя ручнікі. Сам ураджэнец Брагіншчыны, Віктар Шматаў сабраў у забруджаных вёсках каля 1 000 твораў народнага дызайну, якія цяпер захоўваюцца ў Музэі старажытнай беларускай культуры пры Акадэміі навук.

Пры Дзятлавіцкай лякарні Гомельскага раёну адчыніўся першы на Гомельшчыне госьпіс. Інтэр’еры гэтае ўстановы, прызначанай для годнага й беспакутнага паміраньня невылечна хворых на рак, аздабляюць падарункі ад нямецкіх і гомельскіх мастакоў. Творчае аб’яднаньне “МЭЯ” ("Мастацтва, экалёгія і я") ладзіць пры падтрымцы UNESCO акцыю “Мастацтва ў лякарні”, мэта якой — стварэньне галерэяў у вясковых лякарнях.

Колісь віцебская, а цяпер міжнародная фірма гуказапісу “Белатон” пачала выпускаць сэрыю кампакт-дыскаў з музыкаю ста гарадоў сьвету. Беларусь у гэтым праекце будзе прадстаўляць музыка трох гарадоў — Менску, Віцебску й Магілёву. Ужо выйшаў кампакт-дыск з запісамі віцебскіх музыкаў — Аксаны Войтавай, гурта “03” ды іншыя. Прэзэнтацыя дыску пройдзе 29 красавіка ў кацэртнай залі “Менск” у межах Міжнароднага фэстывалю правінцыйнае музыкі.

Музыкі з Францыі піяніст Юго Лёклэр і сьпявак Аркадзь Валадось далі канцэрт для пацыентаў Інстытуту радыяцыйнае мэдыцыны ў Аксакаўшчыне. Лёклэр і Валадось выступілі таксама ў 2-й дзіцячай клініцы Менску. Францускім госьцям давялося самім адрамантаваць перад канцэртам бальнічнае фартэпіяна.

У Доме літаратара прайшла прэзэнтацыя першага альманаху Беларускага саюзу дызайнэраў “PRO дизайн”. У багата ілюстраваным выданьні зьмешчаны агляд найбуйнейшых леташніх выставаў, аналіз дызайну беларускіх тавараў, матэрыялы на тэму аховы аўтарскіх правоў. Альманах фундавалі Польскі інстытут ды Інстытут Гётэ.

Беларускія авангардовыя музыкі й пэрформэры ўзялі ўдзел у Міжнародным фэстывалі імя Сяргея Курохіна, які прайшоў у Пецярбурскім палацы моладзі. Тэатар Псыхічнае Неўраўнаважанасьці на чале з Ільлём Сінам паказаў спэктакль “Аўтызм” пра нерашучасьць дзеячаў беларускае апазыцыі. Найбольш скандальны быў пэрформанс “Новы труп дыктатара”, зь якім выступіла “Брыгада афрыканскіх братоў” Зьмітра Вішнёва. Пэрформэры закатавалі манэкен, падобны да Лукашэнкі, і аблілі яго чырвонымі ванітамі ад таматнага соку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG