Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловаіч, Менск

Сьвятлана Завадзкая не выключае, што справа аб выкраданьні яе мужа "рассыплецца" ў судзе. У Менску прайшоў пікет-напамін пра зьніклых палітыкаў. Суд не задаволіў скаргу сына Міхаіла Чыгіра на незаконнае затрыманьне. Дэпутат Андрэй Клімаў заяўляе, што няволя яго загартавала.


Сваякі зьніклага амаль год таму апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, адзін з эпізодаў якой тычыцца гэтага зьнікненьня.

Сьвятлана Завадзкая паведаміла, што ўжо прагледзела дакумэнты розных экспэртызаў, якія пакінулі ўражаньне няпэўнасьці. Яна не знайшла ў іх доказаў, што менавіта спэцназавец Ігнатовіч і тры ягоныя сябры маюць дачыненьне да зьнікненьня мужа. Сьвятлана не выключае, што ўсё гэта зроблена наўмысна:

(Завадзкая: ) "Глядзіш на гэта, і робіцца сьмешна. Уражаньне такое, што зроблена гэта дзеля таго, каб іх у судзе апраўдалі. Экспэртыза не паказала, што знайшлі кроў Дзімы, няма і адказу на пытаньне, навошта Ігнатовічу было помсьціць майму мужу. Ён у інтэрвію толькі аднойчы згадаў пра нейкага беларуса, якога бачыў у Чачэніі, ён не называў гэтага прозьвішча — "Ігнатовіч", а вось НТВ паказала нават твар Ігнатовіча.

Але паводле сьледчых атрымліваецца, што да Дзімы ў Ігнатовіча былі прэтэнзіі, а да НТВ не былі… І гэтак усё ў матэрыялах справы не складаецца, яны падганяюць усё , як ім трэба", — лічыць Святлана Завадзкая, якая пачала знаёміцца са справай аб зьнікненьні мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.


***
Увагу грамадзкасьці да лёсу зьніклых апазыцыянэраў спрабуе прыцягнуць праваабарончая арганізацыя "Прававая дапамога насельніцтву". Сёньня побач зь менскай плошчай Бангалор цягам двух гадзінаў праваабаронцы ладзілі пікет. Яны патрабавалі ад уладаў адказаць на пытаньні, дзе знаходзяцца Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі.

Галоўным арганізатарам пікету стаў былы сьледчы Алег Волчак, які ўваходзіць у грамадзкую камісію пошукаў зьніклых палітыкаў. На жаль, намаганьняў гэтай камісіі, як і высілкаў афіцыйных расьсьледаваньняў, не стае, каб адшукаць праўду пра зьнікненьні.


***
На гэтым тыдні Кастрычніцкі суд разглядаў скаргу сына экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра на незаконнае затрыманьне. Суд вырашыў, што Аляксандра Чыгіра трымаюць за кратамі законна, але ж нават да самога працэсу вынясеньня гэтага рашэньня ёсьць пэўныя прэтэнзіі. Міхаіл Чыгір кажа:

(Чыгір: ) "Рашэньне вынесьлі, калі не было адваката і нават без вывучэньня пастановы пракуратуры аб працягненьні тэрміну знаходжаньня сына пад вартай".

Чыгір лічыць, што дэталёвае і справядлівае разьбіральніцтва скаргі сына непазьбежна прывяло б да зьмены меры ўтрыманьня для яго на падпіску аб нявыезьдзе. "Усе, каго разам зь ім затрымлівалі, ужо на волі. Між тым, абвінавачаньняў зь іх не зьнялі, і яны такія самыя, што былі прад'яўленыя сыну", — заўважае Міхаіл Чыгір.

Таксама ён зьвяртае ўвагу на тое, што ўжо хутка 3 месяцы, як ягоная жонка Юлія Чыгір ня можа атрымаць дазволу на юрыдычную абарону сына.


***
Дэпутат Андрэй Клімаў сустрэўся ў турме з журналістам Сяргеем Сацуком з "БДГ". Журналісту не дазволілі запісваць размову на магнітафон, і той быў вымушаны карыстацца нататнікам. Атрымалася цікавая гутарка.

"Ведаеце, калі на мяне надзелі кайданкі, было вельмі жахліва. У мяне нават калені падагнуліся… Але потым я зразумеў, што жах нельга акумуляваць. Чалавек да любых умоваў можа прыстасавацца… Таму я лічу, што адносна мяне акцыя запалохваньня не атрымалася. Яна мяне толькі загартавала, зрабіла больш моцным і дасьведчаным", — сказаў Андрэй Клімаў наконт свайго арышту.
XS
SM
MD
LG