Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УКРАІНА АСУДЗІЛА СЯБЕ НА ЖАБРАЦТВА”


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сам Юшчанка, пакідаючы пасаду, заявіў, што ён не сыходзіць зь вялікай палітыкі, а сыходзіць, каб вярнуцца. Тым часам, прыхільнікі Віктара Юшчанкі правялі ля будынку парлямэнту мітынг пратэсту.

“Украіна, – піша сёньняшняя Times, – якая яшчэ сто гадоў таму лічылася эўрапэйскай жытніцай, у пятніцу асудзіла сябе на жабрацтва. Урад Юшчанкі, адпраўлены ў адстаўку 26 красавіка, быў самым прарэфарматарскім цягам усяго існаваньня незалежнае Ўкраіны”.

Як адзначае газэта, залежнасьць Украіны ад Расеі павялічылася пасьля лютаўскай сустрэчы прэзыдэнтаў Украіны і Расеі Кучмы і Пуціна. Цяпер, расейскі бізнэс скупляе ва Ўкравіне ўсё ад нафтаперагонных і алюмініевых заводаў да малочных камбінатаў, банкаў і тэлеканалаў.

У гэтым сьвятле, паводле Times, адстаўка Юшчанкі можа быць выгодная Кучму, але для Ўкраіны – гэта сапраўдная катастрофа. Парлямэнт расколаты на тры лягеры: рэфарматараў, якія стаяць у апазыцыі да Кучмы, алігархаў – часовых саюзьнікаў прэзыдэнта, і левых, якія ненавідзяць Захад.

Сам Віктар Юшчанка ацаніў сваю адстаўку наступным чынам:

(Юшчанка: ) “Я, як грамадзянін, сёньня перакананы, што дэмакратыя Ўкраіны зазнала сур’ёзную паразу. Мы, шаноўныя народныя дэпутаты, сталіся няздольнымі зрабіць свой выбар. Палітычная эліта, у якой пераважаюць тыя, хто сёньня прагаласавалі супраць украінскага ўраду, паказалі сябе не гатовымі прызнаваць легальную эканоміку і адкрытую палітыку – адзіным магчымым шляхам грамадзкага разьвіцьця”.

“Кучму не шкада Юшчанкі, – піша сёньняшняя Washington Post, – бо Кучма, на падставах вынікаў грамадзкіх апытаньняў, разглядаў Юшанку больш як паітычнага канкурэнта, чым партнэра”. Кучма таксама абвінавачваў Юшчанку ў ізаляцыі так званых алігархаў, якія складаюць чвэртку парлямэнту краіны.

Паплечнікі Кучмы цьвердзяць, што страта Юшчанкі не азначае паварот Украіны са шляху рэформаў, а іхныя апанэнты ўжо назвалі адстаўку “аксамітнай рэвалюцыяй алігархаў”.

А вось як ацэньвае адстаўку ўкраінскага прэм’ера былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Я добра ведаю Віктара Юшчанку. Гэта высокаадукаваны і прыстойны чалавек. Я зь ім сустракаўся на шматлікіх канфэрэнцыях эканмічнага, фінансавага і банкаўскага пляну як у дзяржавах былога саюзу, так і на Захадзе (у Вашынгтоне, у Чыкага). Юшчанка, пасьля таго як стаў кіраўніком ураду, шмат зрабіў для Ўкраіны. Эканоміка пачала разьвівацца пазытыўна.
Юшчанка вельмі добра ставіўся да Рэспублікі Беларусі. Ён неаднаразова бываў у нас і ў якасьці прэм’ера, і раней. У яго ўсталяваліся цёплыя адносіны з нашым прэм’ерам Ярмошыным. Я думаю, што адстаўка – гэта вельмі кепска для Ўкраіны і для беларуска-украінскіх адносінаў. Там падымаюць галаву цёмныя сілы – алігархі і розныя прарасейскія тыя, хто настальгуюць па былым саюзе”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Багданкевіч, вы сказалі, што адстаўка Юшчанкі можа адбіцца на беларуска-расейскіх адносінах. У які спосаб?”

(Багданкевіч: ) “Сёньня Беларусь яшчэ захоўвае сувэрэнітэт, таму што Літва, Латвія, Польшча і Ўкраіна цьвёрда стаялі на пазыцыі сувэрэнітэту, пазыцыі адзінства з Эўропай. А калі прыйдуць іншыя сілы, і гэтыя сілы будуць разам з Лукашэнкам, з лукашызмам пралазіць у Маскву, пад ейнае крыло, спрабаваць аднаўляць імпэрыю і зноў гаварыць пра асаблівы шлях разьвіцьця славянскіх дзяржаваў – з гэтага нічога добрага ня будзе. Мы – эўрапэйцы: і Ўкраіна, і Беларусь.

Я і Юшчанка таксама за тое, каб мець добрыя адносіны з Расеяй, аднак быць сувэрэннымі і незалежаць ад волі Масквы”.

Палітычная няпэўнасьць на Ўкраіне ўскладняе ейныя адносіны з Заходняй Эўропай і Злучанымі Штатамі. Так, адзін Заходні дыплямат, на ўмовах ананімнасьці заявіў газэце Times, што Ўкраіна схіляецца да палітычнага вакуўму, са слабым прэзыдэнтам, разгубленым урадам і падзеленым парлямэнтам. Выйсьце з гэтай сытуацыі для Захаду вельмі істотнае, паколькі Ўкраіна мяжуе з Эўропай і Расеяй, і яна можа пахіснуцца ў які заўгодна бок.
XS
SM
MD
LG