Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАБОТНІКІ КАМВОЛЬНАГА КАМБІНАТУ ПЕРАКРЫЛІ СЁНЬНЯ НА ДЗЬВЕ ГАДЗІНЫ РУХ ПА ВУЛІЦЫ МАЯКОЎСКАГА


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньняшні дзень у акцыянэрным таварыстве "Камволь" пачаўся з таго, што рабочыя большасьці цэхаў спынілі працу. А 10-й гадзіне некалькі соцень людзей, нягледзячы на пагрозы начальства, рушылі за прахадную прадпрыемства. Жанчыны, якіх тут большасьць, узяўшыся за рукі, перагарадзілі вуліцу Маякоўскага.

Пасьля гэтага на вуліцы Маякоўскага ўтварыўся кілямэтровы аўтамабільны затор. Кіроўцам удзельнікі несанкцыянаванай акцыі абвесьцілі, што спыняць яе толькі пасьля выплаты заробкаў. Жанчын не спалохаў прыезд міліцыі й супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія тут жа пачалі здымаць камвольнікаў на відэастужку.

Недзе праз паўгадзіны пасьля пачатку вулічнай акцыі да рабочых выйшлі прадстаўнікі адміністрацыі "Камволю", а потым пачало зьяжджацца вышэйшае начальства. У прыватнасьці, кіраўніцтва Ленінскага райвыканкаму, сталічнага гарвыканкаму, урадавых структураў. Гаворыць дырэктар прадпрыемства Вікенці Шкатула:

(Шкатула: ) "Чаму ўзьнікла такая сытуацыя? Мы сёньня залежым ад платаздольнасці насельніцтва. Мы рыхтуем тканіну для швейнай вытворчасьці. Дык вось, за першы квартал патрэба ў нашай прадукцыі зьнізілася на 50%", — так патлумачыў камвольнікам затрымку заробкаў генэральны дырэктар прадпрыемства Вікенці Шкатула.

Ён папрасіў рабочых разысьціся. Аднак безвынікова. Удзельнікі акцыі пасярод вуліцы пачалі распавядаць начальству пра свае крыўды.

Гаворыць Марыя Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) "Я працую тут з 1974 году. У мяне 3 дзяцей. Пасьля сьмерці мужа выхоўваю іх адна. Што ж атрымліваецца? Мне сорамна дадому прыходзіць. Бо дзеці просяць у мяне есьці. Але я ім не магу гэтага даць. Мне ўжо надакучыла жыць пазыкамі. І гэта цягнецца ўжо не адзін год. У нас, жанчын, скончылася цярпеньне".

Пры канцы другой гадзіны стыхійнага пратэсту дырэктар "Камволю" Вікенці Шкатула і кіраўнік дзяржаўнага канцэрну "Беллегпрам" Уладзімер Астроўскі паведамілі рабочым, што адшукалі для іх грошы.

Частку запазычанасьці абяцалі аддаць сёньня, рэшту — заўтра. Толькі пасьля гэтага людзі згадзіліся спыніць акцыю пратэсту ды разышліся

XS
SM
MD
LG