Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ “ПАЛІТЫЧНАГА КАНФІСКАТУ” ЗАСТАЕЦЦА НА МЫТНЫХ СКЛАДАХ


Ігар Карней, Менск

Нават мытнікі прызнаюць, што лёс прадукцыі, якая ў сьпісах Мытнага камітэту значыцца як "патэнцыйна прапагандысцкая", залежыць ад суб’ектыўнай ацэнкі кожнага супрацоўніка. Маўляў, падзаконны акт "Аб парадку ўвозу й вывазу друкаванай, а таксама відэа- аўдыёпрадукцыі" складзены так, што кожны яго трактуе на свой лад.

Своеасаблівым лідэрам па канфіскаванай прадукцыі можна лічыць Малады Фронт: практычна кожная вандроўка маладафронтаўцаў за межы краіны суправаджаецца альбо канфіскацыяй матэр’ялаў, якія ўлада лічыць небясьпечнымі для свайго іміджу, альбо высаджваюць кагосьці зь сяброў арганізацыі на паўдарозе.

Вось якія меркаваньні з гэтай нагоды выказаў намесьнік кіраўніка Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Прыкладам, калі мы ехалі ў Маскву, канфіскавалі літаратуру без усялякіх тлумачэньняў. Яны не паказалі нават сваіх пасьведчаньняў".

(Карэспандэнт: ) "Входзіць, практычна кожная паездка за мяжу суправаджаецца непажаданымі "прыгодамі"?"

(Шэін: ) "Так. Варта кудысьці паспрабаваць выехаць — і нас так проста не выпускаюць".

(Карэспандэнт: ) "Чым вы гэта тлумачыце? Мо вашыя прозьвішчы ў адмысловых сьпісах?"

(Шэін: ) "Вядома. Мытнікаў папярэджваюць загадзя, бо разам заўсёды ходзяць супрацоўнікі КГБ. Таму, калі на нешта й спасылаюцца, то найчасьцей на інфармацыйную бясьпеку.

Што забіраюць? Літаратуру, агітацыйна-рэклямныя, аўдыё- і відэаматэрыялы. Калі мы апошні раз ехалі ў Чэхію, было прагледжана й праслухана практычна ўсё: шукалі небясьпечныя для рэжыму зьвесткі".

Частыя канфлікты з памежнымі ды мытнымі службамі мае большасьць апазыцыйных партыяў, рухаў ды асобных палітыкаў. Варта прыгадаць, што ў розны час асабістай ды партыйнай маёмасьці пазбаўляліся сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі, праваабарончага цэнтру "Вясна", а таксама Анатоль Лябедзька, Генадзь Цярэня, Валеры Леванеўскі ды іншыя.

Лёс большай часткі "палітычнага канфіскату" даволі цьмяны. Як мне паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце, экспрапрыяваная прадукцыя да адмысловага загаду захоўваецца на мытных складах. Потым яна можа трапіць у продаж па зьніжаных коштах (што здараецца вельмі рэдка) альбо зьнішчаецца як "сацыяльна шкодная". Вельмі рэдка апанэнты цяперашняй улады атрымлівалі сваю ўласнасьць назад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG