Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРАТРУС У ДОМЕ МІХАІЛА ЧЫГІРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньняшні вобшук дома Чыгіроў ужо другі сёлета, а ўвогуле па ліку — чацьверты. Раней сьледчыя шукалі дакумэнты, грошы, каштоўнасьці, потым — запчасткі аўтамабіляў.

Сёньня зноў быццам бы цікавіліся запчасткамі, якія мог пакінуць у доме бацькоў арыштаваны напачатку лютага сын экс-прэм'ера Аляксандар Чыгір, якога абвінавачваюць у крадзяжы аўтамабіляў. Аднак міліцыянты паводзілі сябе незвычайна, што дало падставу Юліі Чыгір меркаваць, што іхная мэта была зусім іншая:

(Чыгір: ) "Яны прайшліся па ўсім доме, паглядзелі ў гаражы на запчасткі, але ніякай цікаўнасьці да іх ня выказалі. Я зразумела, што гэты вобшук быў праведзены, каб зноў паспрабаваць выключыць мяне са справы ў якасьці абаронцы".

Юлія Чыгір тлумачыць, што, паводле Працэсуальнага кодэксу, калі грамадзянін удзельнічаў у сьледчым дзеяньні, ён губляе права быць абаронцам. Два месяцы таму Юлія Чыгір падала сьледчым заяву на ўдзел у абароне сына, але сьледчыя дагэтуль рашэньня не прынялі. Замест гэтага яе спрабавалі спачатку дапытаць як сьведку, а цяпер зробленая спроба атрымаць ад яе подпіс на пратаколе пра вобшук:

(Чыгір: ) "Гэта мэтанакіраваная палітыка. Яны хочуць пазбавіць майго сына права на абарону, каб потым было лягчэй яго засудзіць і чарговы раз дыскрэдытаваць нашу сям'ю. Заўчора я паскардзілася на сьледчых у Ленінскі суд, і вось праз два дні яны адрэагавалі на маю скаргу".

Падпісваць міліцэйскія пратаколы Юлія Чыгір чарговы раз адмовілася.
XS
SM
MD
LG