Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЫ ПРЭЗЫДЭНТА МОГУЦЬ ПРЫЗНАЧЫЦЬ НА 2 ВЕРАСЬНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Пакуль што пытаньне пра выбары нават не паставілі на парадак дня сэсіі "палаты прадстаўнікоў". Савет "палаты" павінен разгледзець яго на бліжэйшым паседжаньні, што будзе толькі ў траўні.

Але адмысловая група, якую ўзначальвае старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Сасонка, ужо выпрацавала першапачатковы праект пастановы аб прызначэньні выбараў на 2 верасьня. Зьмест гэтага праекту цалкам адпавядае Выбарчаму кодэксу — там проста прапануецца даць даручэньні розным дзяржаўным органам у справе фінансавага і матэрыяльнага забесьпячэньня выбараў.

Цікавы хіба што пункт пра стварэньне пазабюджэтнага фонду для ахвяраваньняў на правядзеньне выбараў. Яшчэ адзін праект падрыхтавала сяброўка гэтай рабочай групы Вольга Абрамава.

Акрамя іншага, яна прапануе ўнесьці пункты пра забесьпячэньне ўсім кандыдатам роўных магчымасьцяў, адпаведна з рэкамэндацыямі АБСЭ ды іншых міжнародных арганізацыяў. Вольга Абрамава прапануе і А.Лукашэку “вызначыць парадак ажыцьцяўленьня паўнамоцтваў прэзыдэнта на час свайго ўдзелу ў выбарах”.

Калі дата 2 верасьня будзе зацьверджаная, то з 20 чэрвеня павінна распачацца рэгістрацыя ініцыятыўных групаў у справе вылучэньня кандыдатаў, яшчэ праз 5 дзён — збор подпісаў. І фактычна ўся кампанія павінна прайсьці летам. Ці зручна гэта для апазыцыйных кандыдатаў? Міхаіл Чыгір так адказаў:

(Чыгір: ) "Я думаю, што нармалёва. Студэнты будуць ужо на месцы, пройгрыш забясьпечаны нашаму галоўнаму".

Павал Казлоўскі наконт студэнтаў яму пярэчыць:

(Казлоўскі: ) "Дата не зусім зручная для нас — для той каманды, якая ў нас будзе… Нязручная тым, што 2 верасьня ня ўсе студэнты вернуцца ў свае навучальныя ўстановы. А сёньня моладзь павінна пайсьці на выбары, бо гэта самы пратэставы электарат.

Што датычыць магчымай нашай працы, то канечне, калі б у нас было больш часу — было б лепей, але мы будзем гатовыя і да гэтага… Няма ў праекце гэтай пастановы згадак пра тое, якімі павінны быць умовы: дэмакратычныя і празрыстыя, гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка разьлічвае толькі на фальсыфікацыю".

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін таксама мяркуе, што ўлада адмыслова падбірае час, каб было зручна толькі ёй — і на час збору подпісаў, і падчас агітацыі. Таму апазыцыянэрам прыйдзецца рыхтаваць іншыя мэтады і магчымасьці для сваіх кампаніяў:

(Калякін: ) "Мы гатовыя да такога павароту падзеяў і абсалютна не меркавалі, што нам будуць ствараць нейкія льготныя ўмовы. Мы разумеем, што гэта будуць няроўныя, нячэсныя выбары. Але разам з тым мы думаем і пра іншае. Я вельмі сумняюся, што хопіць адміністрацыйнага рэсурсу і ўсёй гэтай фальсыфікацыі, каб перамагчы Аляксандру Рыгоравічу".

А Сямён Домаш мяркуе, што выбары найхутчэй будуць прызначаныя на 23 верасьня:

(Домаш: ) "Па-першае, мне падаецца малаверагодным, што яны прызначаць выбары на 2 верасьня. Таму што па ўсіх сельскагаспадарчых справах і той бітве за ўраджай, якую будзе весьці галоўны камандуючы, — гэта самы разгар тае бітвы.

На самой справе мы сёньня рыхтуемся, і калі б яны ні былі аб’яўленыя, мы будзем удзельнічаць у гэтых выбарах, нягледзячы на тое, якія там будуць выстаўленыя ўмовы. Але будзем патрабаваць ад уладаў, прасіць дапамогі ад дэмакратычнай грамадзкасьці, у першую чаргу — міжнароднай супольнасьці, каб усё-такі былі ўведзеныя нормы правядзеньня выбараў, якія б больш-менш адпавядалі дэмакратычным".

Сямён Домаш зазначыў, што актыўна дамагацца роўных і справядлівых выбараў будуць усе апазыцыйныя кандыдаты.
XS
SM
MD
LG