Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАЛІ ЛУКАШЭНКА ЗАСТАНЕЦЦА ПРА ЎЛАДЗЕ, ЖЫЦЬЦЁ Ў ВАС СТАНЕ ЯШЧЭ ГОРШАЕ…” ДЫ ІНШАЕ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Апошнім часам у нашай пошце ўсё часьцей сустракаюцца лісты ад людзей, якіх апанаваў адчай, якія страцілі спадзяваньне на тое, што ўласнымі сіламі здольныя выйсьці з тупіковай сытуацыі.

Два тыдні таму ў аглядзе пошты прагучаў адзін з такіх лістоў — ад Пятра Лявіцкага зь вёскі Грумбінянты Мядзельскага раёну. Ён пісаў, што, страціўшы працу, вымушаны жыць на пэнсію маці. І, даведзены да адчаю, нідзе не знайшоўшы дапамогі, гатовы нават да самаспальваньня.

Цікавы водгук на гэты ліст прыйшоў з Украіны, з Марыупалю. Вось што піша адтуль былы віцяблянін Андрэй Смаленскі:

"Я разумею, як цяжка Пятру, ня маючы працы. Два гады таму я сам быў дакладна ў такім жа стане, але пра самагубства й ня думаў. Ведаю, што гэтага ніхто не зразумее. Выйсьце ёсьць зь любой сытуацыі. Я прадаў сваю кватэру ў Віцебску і купіў у Марыупалі, ва Ўкраіне.

Жывучы ў Беларусі, я пра Ўкраіну чуў толькі кепскае. Але, нягледзячы на гэта, вырашыў: лепш быць галодным, але свабодным.

Хаця, вядома, радзіма ёсьць радзіма. І калі зьменіцца ўлада, я абавязкова вярнуся. А пакуль няхай ад так званага "рынкавага сацыялізму" атрымліваюць асалоду тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, хто верыў у абяцаны ім заробак 300 даляраў і танную каўбасу па 2 рублі.

Чаму нічога гэтага няма — яны так і не зразумелі. Як у Бібліі напісана — "І вочы ёсьць, а ня бачаць, і вушы ёсьць, а ня чуюць". Можа, на людзей уплывае радыяцыя; можа — інтэграцыя, — піша Андрэй Смаленскі з Марыупалю. — Вось і выкладчык з Горадні вам піша, што жыць цяпер у Беларусі цяжка, але Лукашэнка ў гэтым, маўляў, не вінаваты. А хто вінаваты? Мо, я — былы грамадзянін Беларусі?

На маю думку, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, жыцьцё ў вас стане яшчэ горшае.

Я хацеў бы сказаць Пятру — прыяжджай у Марыупаль. Жыць тут можна. На заводзе "Азоўсталь" рабочыя атрымліваюць па 2 000 грыўняў, прыбіральшчыцы — па 500. Нядаўна быў вялікі набор на другі мэталюргічны завод — заробкі там такія ж.

Можна ўладкавацца ў марскі порт. Шмат замежных фірмаў, дзе таксама добрыя заробкі. Інфляцыі амаль няма. 1 даляр — 5 грыўняў 50 капеек. Кіраўніцтва Ўкраіны выбрала правільны шлях, шлях на Захад, а не вяртаньне ў азіяцкую імпэрыю. Жыцьцё ва Ўкраіне мяняецца да лепшага — не заўважае гэтага толькі сьляпы", — напісаў Андрэй Смаленскі з Марыупалю.

У ягоным лісьце я зьвярнуў увагу на сапраўды слушную заўвагу пра тое, што ўжо працяглы час афіцыйныя мэдыі ў Беларусі апісваюць сытуацыю ва Ўкраіне толькі змрочнымі фарбамі. Украінскі шлях, маўляў, няправільны, а ўкраінцы бядуюць з тае прычыны, што ня хочуць далучацца да беларуска-расейскага саюзу. Хто насамрэч бядуе і чыя дарога няправільная — параўноўваць і вырашаць урэшце самім беларусам і ўкраінцам...

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG