Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМБАСАДА ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ НАЗВАЛА ПРАГРАМУ БТ ПРА КУРАПАТЫ ХЛУСЬНЁЙ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня прэсавая служба Амбасады Польшчы ў Беларусі распаўсюдзіла заяву з нагоды прадэманстраванае 19 красавіка тэлепраграмы Ігара Рудамётава з назовам “Эксгумацыя нянавісьці”, у якой, паводле заявы, была пастаўленая пад сумнеў гістарычная праўда пра злачынствы, зьдзейсьненыя НКВД у 1937–1941 гадох у Курапатах.

“У тэлеперадачы псэўдаэкспэрты надзвычай цынічна адмаўлялі той факт, што спраўцамі забойстваў беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў зьяўляліся сталінскія каты”, — зазначае польская амбасада.

Паводле заявы, “аўтары праграмы выкарыстоўвалі прэпараваныя “доказы” і насуперак элемэнтарнай лёгіцы й прынцыпам добрасумленнае журналістыкі распаўсюдзілі хлусьню, становячыся такім чынам падаўжальнікамі самых змрочных прапагандысцкіх традыцыяў сталінізму”.

Таму прэсавая служба польскае амбасады вырашыла нагадаць, што “публічнае аспрэчваньне генацыду зьяўляецца практыкай, якая асуджаецца цывілізаваным сьветам, а ў некаторых выпадках прасьледуецца паводле закону”.

“Той, хто сьвядома абараняе катаў, становіцца побач зь імі ў адзін шэраг і адначасова зьмяшчае сябе па-за межамі этычных нормаў", — заяўляюць польскія дыпляматы й дадаюць: "Аднак ніякія прапагандысцкія маніпуляцыі ня ў стане зьмяніць гісторыю, таксама як празь дзесяцігодзьдзі не ўдалося схаваць праўды пра злачынствы у Катыні, Медным і тысячах іншых месцах катаваньняў палякаў”.

Амбасада Польшчы ў Менску канстатавала, што дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі “ганебным чынам, які абражае памяць тысячаў ахвяраў Курапатаў, выкарыстала скажоны вобраз гэтае трагедыі ў мэтах зьвядзеньня палітычных рахункаў”.

Польскія дыпляматы выказваюць з гэтай прычыны вялікае шкадаваньне й абурэньне ды спадзяюцца, што Беларускае тэлебачаньне надалей не дапусьціць падобнай практыкі, якая не спрыяе пабудове сяброўскіх стасункаў паміж двума народамі.
XS
SM
MD
LG