Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ПАСОЛ У ЛІТВЕ ВЫКАЗАЎ ПРАТЭСТ АДНАМУ З КІРАЎНІКОЎ ЛІТОЎСКАГА МЗС


Ганна Соусь, Менск

Паездку беларукіх журналістаў наладзіла Літоўская амбасада ў Беларусі. Акрамя нашага радыё, у ёй узялі ўдзел карэспандэнты шэрагу недзяржаўных выданьняў, а таксама здымачная група дзяржаўнага тэлебачаньня. Пра гэтую паездку літоўскі бок загадзя паведаміў Міністэрству замежных справаў Беларусі.

Але чамусьці паездка выклікала нэгатыўную рэакцыю беларускага амбасадара ў Літве Ўладзімера Гаркуна. Як стала вядома Радыё Свабода, учора ён наведаў Міністэрства замежных справаў Літвы, і выказаў сваё абурэньне віцэ-міністру замежных справаў Эвалдасу Ігнатавічусу.

Паводле беларускага амбасадара, гэтая паездка чымсьці нагадвае сэмінар, дзе навучалі негвалтоўнай зьмене ўлады. Адметна, што сярод "сэмінарыстаў" быў і карэспандэнт АТН.

Як сёньня паведаміў мне прэсавы аташэ беларускай амбасады ў Літве, беларускую амбасаду зацікавіла гэтае мерапрыемства, але гэта не было абурэньнем, бо абурацца тым, што запрасілі прадстаўнікоў дзяржаўнага тэлебачаньня, паводле словаў дыплямата, амбасада ня можа.

Паводле некаторых зьвестак, Уладзімера Гаркуна абурыла тое, што журналісты сустрэліся зь віцэ-міністрам абароны Повіласам Малакаўскасам ды наведалі вайсковую частку ў Рукле, дзе салдатаў навучаюць паводле стандартаў НАТО.

Сам амбасадар дагэтуль ня здолеў дамагчыся такіх сустрэчаў. І адна з прычынаў — нэгатыўнае стаўленьне літоўскага боку да прызначэньня былога кіраўніка Віленскага гарнізону савецкай арміі Ўладзімера Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі.

Нагадаю, што Генэральная пракуратура Літвы цяпер дамагаецца ягонай выдачы. Вось як выказаўся з гэтай нагоды віцэ-міністар абароны Літвы Повілас Малакаўскас, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці не абмяжоўвае гэта беларуска-літоўскае супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры:

(Малакаўскас: ) "Што тычыцца генэрала Ўсхопчыка — так, ёсьць пэўныя праблемы, мы вельмі прынцыпова ставімся да гэтага. Яго шукаюць нашыя сьледчыя інстытуцыі, ён мусіць даваць паказаньні.

Што да абмежаваньняў нашых дачыненьняў... З аднаго боку, мы і ня мелі актыўнага супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. Гэта ня значыць, што мы не супрацоўнічаем, але гэта значыць, што мы маглі б супрацоўнічаць значна шырэй", — распавёў віцэ-міністар абароны Літвы Повілас Малакаўскас.
XS
SM
MD
LG