Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19:25 АСОБНАЯ АКЦЫЯ КХП БНФ СКОНЧЫЛАСЯ БЕЗ УСКЛАДНЕНЬНЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cябры КХП БНФ вырашылі праводзіць сваё мерапрыемства асобна ад асноўнага Чарнобыльскага шляху. А палове шостай вечара ўдзельнікі акцыі сабраліся каля Галоўпаштамту, непадалёк ад пляцу Незалежнасьці. Перад пачаткам шэсьця намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў сказаў у інтэрвію нашаму радыё:

(Папкоў: ) “Тут, у цэнтры гораду, на праспэкце Скарыны сабраліся беларусы, каб адзначыць гадавіну чарнобыльскай трагедыі. 15 гадоў мінула пасьля катастрофы. Беларусы пацярпелі найбольш з усіх народаў, але і сёньня рэжым пад дыктоўку Масквы праводзіць палітыку, каб людзі жылі на заражаных землях. Беларусы павінныя паўстаць, рэжым павінен быць адхілены ад улады, і толькі тады мы зможам абараніць сябе, здароўе людзей і будучыню нашых дзяцей”.

Сяргей Папкоў таксама заявіў, што ў такі дзень удзельнікі акцыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ніколі ня сыйдуць з цэнтра гораду.

А шостай калёна дэманстрантаў колькасьцю каля 150 чалавек рушыла па праспэкце Скарыны ў бок Кастрычніцкай плошчы. Калёну суправаджала некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным, якія здымалі дэманстрантаў на відэакамэру, але ўдзельнікам акцыі не перашкаджалі.

Удзельнікі Шляху трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі й транспаранты з надпісамі "Расея нясе новы Чарнобыль!", “Лукашэнка + Пуцін – новы Чарнобыль!" ды іншыя. У калёне гучалі беларускія патрыятычныя песьні.

Вось чым матывавалі дэманстраны свой удзел у гэтай акцыі:

(Удзельнік: ) “Мне не ўсё роўна, што адбываецца ў кріане. Я хачу, каб людзі нешта зрабілі для сябе і сваіх дзяцей”.

(Іншы ўдзельнік: ) “Чарнобыль – гэта такая бяда для Беларусі, і, відаць, на доўгія гады”.

Дэманстранты спакойна дайшлі да Кастрычніцкай плошчы, дзе Сяргей Папкоў зачытаў прысутным зварот лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка, у якім ён заклікае беларусаў змагацца з чарнобыльскім генацыдам, за волю й незалежнасьць краіны.

На гэтым акцыя, фактычна, скончылася. Людзі яшчэ нейкі час пасьпявалі песьні, паставілі каля знаку пачатку ўсіх дарог Беларусі чарнобыльскія сьвечкі ды разышліся. Міліцыя не затрымлівала нікога з удзельнікаў акцыі.
XS
SM
MD
LG