Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ СУДЫ РАЗГЛЕДЗЕЛІ 28 СПРАВАЎ ЗУБРОЎЦАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня адміністрацыйныя судзьдзі Партызанскага суду ў памяшканьні дзяржаўтаінспэкцыі разглядалі справы затрыманых удзельнікаў пэрформансу, які ладзіла незарэгістраваная моладзевая арганізацыя "Зубар". Разам разгледзелі 24 справы.

Дзяніс Арцюшкевіч і Антон Сяляўка — хлопцы, якія ў часе пэрформансу хадзілі на лыжах, а потым пераплывалі Сьвіслач, павінны заплаціць штраф — 20 мінімальных заробкаў. Удзельнікам акцыі, якіх прывезьлі са спэцпрыёмніка, далі збольшага па трое сутак арышту. Калі ж улічыць, што яны ўжо адбылі гэтае пакараньне, можна казаць, што пасьля суду іх фактычна выпусьцілі на волю.

У справе студэнткі Ірыны Тоўсьцік выступалі сьведкі з боку міліцыі — участковы інспэктар Захарошка ды інспэктар аддзелу кадраў Партызанскага аддзелу міліцыі Зайцаў.

Зайцаў заявіў, што Ірына падбухторвала натоўп лёзунгамі палітычнага зьместу, і прывёў прыклад:"Далоў лукашызм!" Ні адвакат Ірыны, ні судзьдзя ня здолелі дабіцца ад Зайцава, што гэта за паняцьце і як ён яго разумее. Як вынік, Зайцаў пакрыўдзіўся на судзьдзю і апраўдваўся тым, што, маўляў, хацеў як лепш.

Гаворыць Ірына Тоўсьцік:

(Тоўсьцік: ) "Я ня згодная са сваім прысудам. Калі б я заставалася ў парку Горкага да канца, гэта мо й так было бы. А мяне ж забралі на самым пачатку, калі не адбылося нічога значнага, толькі апрануўшы белы халат. Сьведкі зь міліцэйскага боку казалі няпраўду.

Я, вядома, пайду ізноў — калі трэба будзе, пайду на Акрэсьціна і далей. Таму што гэта наша справа, мы яе давядзем да канца".

Але ёсьць і іншае меркаваньне:

(Студэнт тэхналягічнага ўнівэрсытэту: ) "Канечне, у мяне толькі папярэджаньне, але я ведаю, што, калі прыйдзе папера ў мой тэхналягічны ўнівэрсытэт — мяне адразу выкінуць адтуль. Наш рэктар ужо справабаў выганяць за палітыку. У нас што ня так скажаш, дык з "абшчагі" выганяюць. Карацей, напалохалі нас, як трэба. Я вучусь на чацьвертым курсе й вырашыў нікуды ня лезьці, давучыцца, а ўжо потым…"

На судовых паседжаньнях прысутнічалі прадстаўнікі АБСЭ, амэрыканскай амбасады і праваабаронцы са Швэцыіі. Сябры "Зубра" сустракалі воплескамі кожнага, каго выводзіў канвой зь міліцэйскай машыны для арыштантаў.

Міліцыянты не пускалі ўсіх у будынак. Калі журналісты паказалі свае пасьведчаньні старшаму лейтэнанту і папрасілі іх прапусьціць — той катэгарычна адмовіў. Ён адмовіўся таксама назваць сваё прозьвішча, як таго патрабуе Закон аб міліцыі.

Журналістам давялося зьвяртацца да кіраўніцтва Партызанскага аддзелу міліцыі, спасылацца на артыкулы новага Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за перашкоду іхнай прафэсійнай дзейнасьці. Толькі пасьля гэтага журналісты ад начальніка даведаліся, што міліцыянта клічуць Аляксей Панавіцын.

Суды працягваліся да 7-й гадзіны вечара. Апошнімі судзілі пэнсіянэрак Сьвятлану Данілаву і Марыю Паўлючэнку. Яны атрымалі папярэджаньні.

Такім чынам, сёньня ў Партызанскім судзе прысуды атрымалі 28 чалавек, сярод якіх асноўную частку складаюць студэнты. Нікога ў спэцпрыёмнік на вуліцу Акрэсьціна не павезьлі.
XS
SM
MD
LG