Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІНСКІЯ ЎЛАДЫ ВЫМАГАЮЦЬ ГРОШЫ Ў АРГАНІЗАТАРАЎ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ АКЦЫЯЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

У адной заяўцы арганізатары паведамляюць, што ў часе Шляху будзе працаваць дружына ды запрошаныя ў прыватным парадку мэдычныя работнікі. Але выканкамаўскія чыноўнікі запатрабавалі заключыць адмысловыя дамовы з гараддзелам міліцыі, аховай здароўя ды камунальнымі службамі.

У часе перамоваў з кіраўніцтвам пінскага гараддзелу міліцыі арганізатары прасілі накіраваць на шэсьце двух міліцыянтаў — каб перакрыць рух транспарту з маста праз раку Піна: гэта адзінае месца, дзе калёна можа замінаць дарожнаму руху. Аднак жа ў міліцыі замест 2-х супрацоўнікаў палічылі, што трэба 22 чалавекі, сярод якіх будзе 12 афіцэраў.

Афіцыйны рахунак уключае 2 гадзіны міліцэйскага часу ды яшчэ 20 літраў бэнзыну — працягласьць жа маршруту шэсьця ня больш як 1,5 кілямэтра. Разам кошт забесьпячэньня грамадзкага парадку ў часе руху калёны з 300 чалавек склаў 40 900 рублёў. Гаворыць адна з арганізатарак шэсьця Натальля Асмалоўская:

(Асмалоўская: ) "Гэта вельмі падобна да правакацыі. Мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, усе мы падаткаплатнікі. А тут за нашыя грошы нам прапануюць даплаціць дастаткова вялікую суму за працу міліцыянтаў, мэдыка і дворніка — нібыта мы ўжо гэтак насьмецьцім падчас Шляху. Нас прымушаюць плаціць двойчы. Гэта бязглузьдзіца ці правакацыя ўлады, скіраваная на тое, каб вымусіць нас на нейкія дзеяньні, якія б не зусім адпавядалі цяперашняму заканадаўству".

Дарэчы, паводле таго ж рахунку заробак міліцыянта дарожна-патрульнай службы складае 132 000 рублёў. Пакуль невядомыя каштарысы на паслугі мэдыкаў, прадпрымальнікаў ды адміністрацыі гарадзкога парку, але арганізатары спадзяюцца, што заробкі гэтых службаў значна меншыя.

Каб пазьбегнуць небясьпекі зарыманьня ўдзельнікаў шэсьця, арганізатары вырашылі сплаціць усе запатрабаваныя сумы.
XS
SM
MD
LG