Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ ВЫДАЦЬ ВІЗУ НА ЎЕЗД ЧЫНОЎНІЦЫ АБСЭ ДАЯНЕ МАКСІ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка ў адмысловым інтэрвію Свабодзе выказаў стаўленьне беларускіх уладаў да ўчорашняга рашэньня Фраймута Дувэ — упаўнаважанага АБСЭ ў справах свабоды сродкаў масавай інфармацыі — пра адмену ягонага візыту ў Беларусь.

Нагадаем, што спадар Дувэ адмяніў візыт, бо беларуская амбасада ў Вене не дала візы на ўезд ягонай старшаму дарадцы. Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка так пракамэнтаваў сытуацыю:

(Латушка: ) "Адмова ўпаўнаважанага ў справах свабоды СМІ АБСЭ Фраймута Дувэ прыбыць у Беларусь — гэта яго асабістая справа. Мы запрасілі яго ў Беларусь і выдалі яму ўязную візу. Ён можа прыехаць да нас, калі палічыць патрэбным і калі ў яго ўзьнікне такое жаданьне.

Што тычыцца чыноўніка АБСЭ, старшай дарадцы ўпаўнаважанага ў справах свабоды СМІ Даяны Максі, якой было адмоўлена ў візе, то матываваць гэтую адмову мы ня плянуем. Я хацеў бы падкрэсьліць, што гэта не зьвязана зь ейнай цяперашняй дзейнасьцю".

Упаўнаважаны АБСЭ хацеў падчас візыту атрымаць інфармацыю зь першых рук пра стан СМІ ў Беларусі. Але ён вымушаны адмовіцца ад паездкі, паколькі, на думку Фраймута Дувэ, ніводная дзяржава, якая ўваходзіць у АБСЭ, ня мае права дыктаваць сваю волю якому-небудзь інстытуту АБСЭ.

Сябра групы экспэртаў у пытаньнях СМІ Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Вячаслаў Герасіменка наступным чынам камэнтуе сытуацыю вакол адмены візыту:

(Герасіменка: ) "Сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі надзвычай складаная. І было б вельмі важна, каб спадар Дувэ знайшоў магчымасьць сустрэцца з прадстаўнікамі незалежных і дзяржаўных СМІ, пачуць інфармацыю ад іх у свабоднай размове.

Асабліва важна было б пачуць яго студэнтам — будучым журналістам. Ды і мы, экспэрты, мелі што яму сказаць і патлумачыць. Вельмі хацелася б пачуць ад яго, што думае аўтарытэтная эўрапейская арганізацыя наконт свабоды слова ў нашай краіне. Шкада, што візыт ужо другі раз не адбыўся. І гэта ня робіць гонару беларускім уладам".

Пасьля перамоваў з Кансультатыўна-назіральнай групай АБСЭ ў Беларусі Фраймут Дувэ вырашыў запрасіць групу прадстаўнікоў беларускіх незалежных СМІ ў Вену, у Бюро ўпаўнаважанага ў справах свабоды СМІ.

Мяркуецца, што ў склад дэлегацыі ўвойдуць прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, віцэ-прэзыдэнт БАЖу Эдуард Мельнікаў, кіраўнік групы экспэртаў па СМІ Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Міхаіл Пастухоў і экспэрт Юры Тапарашаў.
XS
SM
MD
LG