Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НАД АРГАНІЗАТАРАМІ АКЦЫІ “АПОШНІ ПАХОД НА БАНГАЛЁР” ПЕРАНЕСЕНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывісты Маладога Фронту Аляксей Шэін, Зьміцер Касьпяровіч, Міхась Шаўцоў, Лявон Ачапоўскі, Зьміцер Ятчэня й Аляксей Тарасаў былі выкліканыя сёньня раніцай у аддзел міліцыі Савецкага раёну Менску. З пастарунку маладых апазыцыянэраў на міліцэйскай спэцмашыне даставілі ў суд. Усіх іх абвінавачваюць у арганізацыі і ва ўдзеле ў недазволеным уладамі шэсьці, якое адбылося мінулай суботай у Менску.

Нагадаю, што ў той дзень маладафронтаўцы зьбіраліся прайсьці менскімі вуліцамі да плошчы Бангалёр, закапаць там шыльду з надпісам пра тое, што “ніколі больш нага апазыцыянэра ня ступіць на гэты пляц” ды ўбіць асінавы кол у гэтую імправізаваную магілу.

Але недалёка ад плошчы ўдзельнікаў акцыі затрымала міліцыя, і яны вымушаныя былі больш як чатыры гадзіны правесьці ў пастарунку. Адміністрацыйныя справы на 6 паўнагадовых маладафронтаўцаў міліцыянты перадалі ў суд.

Аднак сёньня судзьдзі былі вымушаныя перанесьці разгляд гэтых справаў, бо ўсе маладафронтаўцы запатрабавалі адвакатаў. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Чым бліжэй да выбараў, тым рэжым робіць больш жорсткія захады да апазыцыйных арганізацыяў, у тым ліку й да Маладога Фронту. І арышт усіх ўдзельнікаў палітычнага пэрформансу, які называўся “Апошні паход на Бангалёр”, пра гэта сьведчыць.

Зь іншага боку, пазыцыі рэжыму не настолькі моцныя, гэта заўважана па настроі міліцыянтаў. Сёньняшняе рашэньне суду нас у прынцыпе цалкам задавальняе, таму, што мы яшчэ зможам патрапіць на Чарнобыльскі шлях, які адбудзецца заўтра. Чаго мы й хацелі дасягнуць, патрабуючы адвакатаў".

Справы маладафронтаўцаў будуць разглядаць у судзе 26 і 27 красавіка, а таксама 2 і 3 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG