Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЮЦЬ ПАДАБЕНСТВА АНТЫЗАХОДНІЯ НАСТРОІ Ў КІТАІ І БЕЛАРУСІ?


Кастусь Бандарук, Прага

Захапленьне “кітайскай мадэльлю” Лукашэнка выказаў ўжо некалькі гадоў таму падчас свайго першага візыту ў Пэкін, а зараз у ягоных выступленьнях ізноў прагучалі прыемныя для кітайскіх лідэраў антызаходнія ноты.

Аднак нават калі ў беларускага і кітайскага кіраўніцтва гучыць тая ж антызаходняя рыторыка, дык ці можна казаць пра падабенства антызаходніх настрояў ў абодвух грамадзтвах? Газэта International Herald Tribune апублікавала артыкул пад загалоўкам: “Нацыяналізм ў Кітаі ўзмацняецца разам з адкрыцьцём краіны зьнешняму сьвету”.

Для амэрыканцаў “дрэнныя кітайцы” лёгка пазнавальныя, – піша Ніколас Крыстоф у газэце International Herald Tribune. Гэта старыя панурыя кансэрватары-камуністы ва ўніформах з часоў Мао. Яны здушылі грамадзкую думку, затрымалі пэрсанал амэрыканскага самалёту і жорстка перасьледуюць Тыбэт. Аднак такое ўяўленьне пра
“дрэнных кітайцаў” памылковае, бо прыхільнікаў жорсткай лініі ў дачыненьні да Захаду ўсё больш сярод звычайных людзей.

Праўда, – чытаем ў International Herald Tribune, – што многія маладыя кітайцы апранаюцца бы амэрыканцы, чытаюць заходніх аўтараў і слухаюць Майкла Джэксана. Цягам апошніх гадоў, Кітай стаўся больш адкрытай краінай. Людзі ўсё часьцей выказваюць свае погляды праз Інтэрнэт і ў эфіры, грамадзкая думка ўсё больш чутная. Аднак, як гэта ня дзіўна, у выніку Кітай можа стацца больш складаным, нацыяналістычным і ўпартым у значна большай ступені, чым, напрыклад, Францыя, – піша Ніколяс Крыстоф ў газэце International Herald Tribune.

На думку аўтара артыкулу, стаўленьне да Злучаных Штатаў з боку кітайцаў – супярэчлівае. Згодна апытаньням, маладыя кітайцы зь вялікай ўвагай глядзяць на Злучаныя Штаты. Іхнае стаўленьне да Амэрыкі – гэта сумесь захапленьня, павагі і зайздрасьці, але таксама разгубленасьці і крыўды (абурэньня) на ганарлівых і загадкавых амэрыканцаў. Незважаючы на шматлікія элемэнты заходняй культуры ў побыце кітайцаў, многія зь іх лічаць, што Злучаныя Штаты паводзяць сябе нахабна, што Пэкін павінен заняць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Вашынгтону і Токіо, што тыбэцкія манахі, калі гэта неабходнае, павінны апынуцца ў турмах, і што на любы зрух Тайваню да незалежнасьці Кітай павінен адказаць ваенным ударам, – піша Ніколяс Крыстоф у International Herald Tribune.

Кітайскі нацыяналізм – зьява ня новая, аднак на думку былога кітайскага чыноўніка, які зараз жыве ў ЗША – Ву Яксі Янга, яго апошні ўздым быў выкліканы падзеямі 89-га году. Пасьля здушэньня дэмакратычнага студэнцкага руху на плошчы Цянь-Ань-Мынь , кітайскія лідэры сьведама падштурхоўвалі нацыяналізм у якасьці новай прылады для аб’яднаньня краіны. Камунізм відавочна скампрамэтаваў сябе, у сацыялізм таксама ніхто ад малога да старога ня верыў. У выніку, нацыяналізм замяніў камунізм. Як заявіў набліжаны да кіруючых колаў камэнтатар Гэ Ксін, “Новай аб’яднаўчай сілай ў Кітаі зьяўляецца патрыятызм”. Прэзыдэнт Цзян Цзэмін ды іншыя кітайскія лідэры пачалі скарыстоўваць сыстэму асьветы і дзяржаўную прапаганду для ўмацаваньня пачуцьця нацыянальнага гонару і насьцярожанасьці ў дачыненьні да навакольнага сьвету, да крывадушнага і драпежнага Захаду. Гэтая прапаганда трапляла на спрыяльную глебу з прычыны гістарычных асацыяцыяў. Пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя Вялікая Брытанія ды іншыя заваёўнікі бязьлітасна эксплюатавалі Кітай і ня раз даводзілі яго да галечы.

Для кітайцаў лягічным працягам варожай палітыкі ў дачыненьні да Кітаю былі нядаўнія падзеі: збамбаваньне кітайскай амбасады ў Бялградзе і інцыдэнт з амэрыканскім шпіёнскім самалётам. Для амэрыканцаў інцыдэнт з самалётам – гэта нешта накшталт спаборніцтва гарадоў за права праводзіць у сябе Алімпійскія гульні, але для кітайцаў – спроба заходніх краінаў аслабіць іх краіну. Калі Пэкін нарэшце вызваліў пэрсанал амэрыканскага самалёту, грамадзкія настроі былі блізкія да выбуху. Многія кітайцы палічылі гэты крок уладаў празьмернай саступкай, доказам слабасьці і рабалепства перад Амэрыкай. У сьвядомасьці кітайцаў мінулыя і цяперашнія падзеі, гэта наагул не асобныя дробныя інцыдэнты, але 200 гадоў нацыянальнага прыніжэньня, – піша International Herald Tribune. З другога боку, –адзначае газэта, – кітайцы вельмі прагматычны народ. Яны разумеюць, што з Амэрыкай трэба гандляваць, што пагаршэньне адносінаў на лініі Пэкін-Вашынгтон нэгатўна адб’ецца на ўзроўні жыцьця.

“Менш нацыяналістычны Кітай гэтак жа важны як і дэмакратычны” –лічыць выканаўчы дырэктар правабарончай арганізацыі Ксяо Кянг. Таксама кітайскія ўлады, акрамя плюсаў, бачаць і мінусы нацыяналізму. International Herald Tribune цытуе кітайскага дысыдэнта Ву, які заявіў: “Нацыяналізм вельмі небясьпечны для кампартыі, паколькі пасьля свайго ўзьнікненьня ён умацоўваецца і можа выйсьці з-пад кантролю”. Зь яго дапамогай можна легітымізаваць сваю ўладу, але і можна яе страціць – піша International Herald Tribune.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG