Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ІНІЦЫЯТАРЫ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ У БЕРАСЬЦІ АБВЕСЬЦІ ПЛЯН НОВАЙ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ КАМПАНІІ


Алег Супруню, Берасьце

Жыхары Берасьця Ўладзімер Вялічкін, Кірыл Данько і Міхаіл Саўчук, якім было адмоўлена ў правядзеньні масавых акцыяў, зьвярнуліся з адмысловым зваротам да сваіх землякоў. У ім паведамляецца, што на забароненым уладамі мітынгу плянавалася ўзьняць ня толькі праблемы чарнобыльцаў, але і зьвярнуць увагу грамадзтва на экалягічны стан навакольнага асяродзьдзя ў вобласьці. У прыватнасьці, гэта тычыцца радыеактыўнай плямы, што знаходзіцца ля гарадзкой цеплаэлектарцэнтралі. Мала хто зь берасьцейцаў валодае дакладнай інфармацыяй і пра магчымыя наступствы знаходжаньня пад зямлёй велізарнага газавага сховішча ў Камянецкім раёне. Таму прапанову ўладаў абмяркоўваць гэтыя праблемы на стадыёне будаўнік, што знаходзіцца на ўскрайку гораду, аўтары звароту лічаць абуральнай. Ааварыя на ЧАЭС – гэта агульнанацыянальны боль, а не футбольны матч. Спроба загнаць нас на стадыён, – пішуць арганізатары, – гэта перш за ўсё спроба замаўчаць экалягічныя праблемы Берасьцейшчыны і пазьбегнуць выкананьня абавязкаў дзяржавы перад ахвярамі Чярнобыля.

Таму шэраг грамадзкіх арганізацыяў гораду вырашылі правесьці інфармацыйную кампанію, мэта якой – расказаць пра наступствы аварыі, што здарылася 15 год таму. Кампанія працягнецца да 1 траўня ў розных раёнах Берасьця. Падчас акцыі будзе распаўсюджвацца спэцвыпуск газэты “Рабочы” ды іншыя інфармацыйныя матэрыялы. Пры гэтым ініцыятара гэтай кампаніі папярэджваюць, што спробы ўладаў перашкодзіць правядзеньню гэтай акцыі будуць сьведчыць пра сапраўднае стаўленьне вэртыкалі да праблемаў чарнобыльцаў.

Дарэчы, мясцовыя чыноўнікі сёньня праігнаравалі прэсавую канфэрэнцыю, якая ладзілася шэрагам дабрачынных няўрадавых арганізацыяў зь Берасьця і Пінску. Таму шмат якія пытаньні, што тычыліся мэдычнага абслугоўваньня і новых правілаў атрыманьня гуманітарнай дапамогі з-за мяжы ў чарговы раз засталіся без адказу.
XS
SM
MD
LG